Панядзелак, 02 Снежань 2024

Флагшток у Оршы будзе ніжэйшы, чым у Віцебску. Але кошт добраўпарадкавання ўсёй пляцоўкі ўражвае

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Флагшток «раённага маштабу» будзе вышынёй з 18-павярховы дом (58 м) Гэта крыху ніжэй, чым у абласным Віцебску (69 м), і пляцоўку, дзе яго ўстановяць, не называюць плошчай герба і сцяга. Аднак выдаткі на яе абсталяванне ўражваюць: ужо патрачана 156 557 рублёў, ці каля 47 тысяч даляраў, толькі на праектную дакументацыю. Грошы на гэта ўзялі ў раённага бюджэту.

Пляцоўку для флагштока з дзяржаўным сцягам, памерам 45х60 метраў, размесцяць у парку Герояў насупраць Лядовай арэны. Яшчэ некалькі месяцаў таму там пачалі вырубаць дрэвы. Ад ліпеня па лістапад ужо завершаны тры тэндэры на дзяржзакупках: распрацоўка перадпраектнай дакументацыі, самога праекта і дакументаў па ўзгадненні.

Гарадскі актывіст Дзмітрый Карняенка, які сочыць за хадой будаўніцтва плошчы сцяга і герба і ў Віцебску, падсумаваў і выдаткі на аршанскі флагшток. Паводле сайта дзяржзакупак, перадінвестыцыйны праект «пацягнуў» на 33 500 рублёў), уласна праект – на 121 879 рублёў, матэрыялы папярэдняга ўзгаднення месца размяшчэння дадатковых зямельных участкаў пад добраўпарадкаванне, інжынерныя сеткі і збудаванні – на 1 177,97 рублёў).

Пры гэтым варта разумець, што адным флагштокам у сярэдзіне пляцоўкі аршанскія ўлады абмежавацца не намераны. На адной з граняў подыюма пад флагшток размесцяць герб Рэспублікі Беларусь. Побач з флагштокам прадугледжана ўстаноўка асобнай архітэктурнай канструкцыі – стылізаванай выявы сцяга з размяшчэннем на ім слоў гімна Рэспублікі Беларусь. Таксама праектам прадугледжана ўладкаванне падсветкі флагштока і будаўніцтва стаянкі для турыстычных аўтобусаў.

Наперадзе – выдаткі ўласна на будаўнічыя працы, наступнае добраўпарадкаванне і гэтак далей. Паводле дакументацыі, кошт будаўніцтва аб'екта ў коштах на дату распрацоўкі каштарыснай дакументацыі 1.08.2024 г. складаў 5 700 000 рублёў.

Новая плошча дзяржаўных сімвалаў стане ўвасабленнем адзінства і патрыятызму жыхароў Аршанскага рэгіёна і яшчэ адным месцам прыцягнення і адпачынку не толькі мясцовых жыхароў, лічаць раённыя ўлады. Тут будуць праходзіць разнастайныя ўрачыстыя цырымоніі, экскурсіі для турыстаў. Пры гэтым бюджэт Аршанскага раёна дэфіцытны: мясцовыя дэпутаты 31 кастрычніка 2024 г. перагледзелі план раённага бюджэту на бягучы год у бок пагаршэння: дэфіцыт вырас да 20,6 мільёнаў рублёў.

Юрка Жмых