Аўторак, 29 Кастрычнік 2024

Іосіфа Ядзевіча, уладальніка паветранага шара, да якога прымацавалі канапу з чалавекам, аштрафавалі на 600 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Супраць кіраўніка фірмы «Монгольфьер», якая аказвае незвычайныя паслугі – палёты на паветраным шары – па ініцыятыве пракуратуры распачалі адміністрацыйную справу. 24 кастрычніка суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў Іосіфа Ядзевіча вінаватым паводле ч.1 арт.18.35 КаАП (Парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы).

Суддзя Алена Цыганкова аштрафавала прадпрымальніка на 15 базавых велічынь, што складае 600 рублёў. «Падчас судовага пасяджэння Ядзевіч цалкам прызнаў сваю віну і не адмаўляў таго, што здзейсніў правапарушэнне», -- паведамляе сайт Вярхоўнага суда.

Паводле ведамства, пілот «18 верасня 2024 года з пункта старта на плошчы Тысячагоддзя ў г.Віцебску ажыццявіў дэманстрацыйны камерцыйны палёт на цеплавым аэрастаце з мацаваннем да яго металічнай канструкцыі, якая ўтрымлівала канапу аднаго з прыватных прадпрыемстваў з чалавекам, які знаходзіцца на ім у адкрытай паверхні, чым дапусціў парушэнне Правілаў выкарыстання паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2006 г. № 1471».

Хлопца, які «лятаў на канапе», завуць Аляксей, ен працуе на прыватнай мэблевай вытворчасці «Савлуков-Мебель». Па сцвярджэннях  адмыслоўцаў, «пасажыру» нічога не пагражала: «На хлопцы была страхоўка, а ў кошы паветранага шара яго страхаваў адмысловы супрацоўнік. Шанцаў зваліцца – нуль. Для канапы была зроблена стальная рама і «намёртва» прымацавана да коша. Сам шар быў прывязаны да зямлі, каб не паляцеў вышэй за 40 м, як гэта звычайна робіцца на «прывязаных палётах». Пазней канапу, якая пабывала ў небе з рэкламнымі мэтамі, разыгралі сярод падпісчыкаў.

Іосіф Ядзевіч ужо 9 год займаецца «паветранай справай», набыўшы за ўласныя грошы два аэрастата. Яго нярэдка запрашаюць на розныя дзяржаўныя мерапрыемствы па усёй Віцебшчыне і за яе межамі. Ніякіх прэтэнзій да ягонай працы з боку адказных структур пакуль не было.

Таццяна Віктарава