Гэта - Фларыян Данілаў, якога расстралялі ў 1937 годзе. Ён працаваў на кіруючай пасадзе на Аршанскім бровары. Аднойчы на заводзе здарылася аварыя - выбухнуў нейкі кацёл. Трэба было знайсьці вінаватага - знайшлі, абвінавацілі ў шкодніцтве і расстралялі.
Другі чалавек - Ганна Ігнатаўна Салтановіч-Жывалеўская. З-за таго, што па нацыянальнасьці яна была палячка, яе абвінавацілі ва ўдзеле ў польскай контррэвалюцыйнай арганізацыі. Як успомнілі сьведкі, яна не магла нават вымавіць слова «контррэвалюцыя». Але пасядзеўшы некалькі дзён у турме №6 - былы Езуіцкі калегіюм - у камэры мэтар на мэтар з пацукамі і вадой, што ўвесь час капала, яна падпісала паказаньні супраць сябе - прызналася ў тым, чаго не рабіла. У якасьці пакараньня Ганна Ігнатаўна атрымала тэрмін 5 гадоў і была сасланая ў Казахстан. Адседзела замест 5 гадоў, 7 - яе дакумэнты недзе згубіліся, і шукалі іх два гады. Пазьней яна была рэабілітаваная, як і трэці чалавек - Жывалеўскі Франц Ігнатавіч, ад якога ў сямейным архіве засталася толькі даведка пра спыненьне супраць яго крымінальнай справы з-за адсутнасьці складу злачынства. Даведка датаваная 1955 годам, а ў турму Франц Ігнатавіч трапіў ў 1937.
Цалкам артыкул аб вышэйназваных рэпрэсаваных можна прачытаць тут.
Крыніца: Орша.eu