Сваім дасягненнем супрацоўнікі «Витебскводоканала» вельмі ганарыліся. «Каб мадэрнізаваць фантан, якому амаль 40 гадоў, мы прайшлі доўгі шлях, бо нашы работнікі не з'яўляюцца спецыялістамі па рэстаўрацыі. Мы падбіралі матэрыялы, шукалі метады вытворчасці работ, інструменты і многае іншае. І вельмі рады, што ўдалося дамагчыся такога надзвычайнага выніку», – адзначаў на адкрыцці фантана дырэктар «Віцебскводаканала» Вадзім Капылоў.
Але праз тры месяцы пасля рэстаўрацыі «пазалота» знікла, скульптуры аблезлі і пакрыліся плямамі. Каментуючы здарэнне на адным з віцебскіх паблікаў, абураныя чытачы задаюць пытанне «у паветра»: навошта рэстаўрацыю даверылі работнікам, якія не валодаюць спецыфікай гэтай справы? І нават прапануюць спагнаць з з прадпрыемства «Витебскводоканал» грошы, патрачаныя на такую рэстаўрацыю.
Заадно віцябляне прыгадалі і даўнюю спрэчку наконт гэтага фантана. Ён з'явіўся ў Віцебску ў 1987 годзе на тым месцы, дзе калісьці быў касцёл Святога Антонія – архітэктурная пярліна, аднаўлення якой жыхары Віцебску патрабуюць ужо не адзін дзясятак гадоў. Яны прапануюць трох бронзавых дзяўчат – плён працы скульптара Азата Тарасяна – перанесці ў які-небудзь гарадскі парк. А фантан прыбраць і нарэшце адбудаваць страчаны аб'ект архітэктурнай спадчыны, які быў складнікам гістарычнай забудовы Ранкавай плошчы. Касцёл выстаяў у мінулую вайну – быў толькі часткова пашкоджаны, але ў 1961 годзе яго знеслі, нягледзячы на тое, што ўжо тады ён лічыўся падахоўным помнікам архітэктуры.
Вадзім Кавалёў