На першых паверхах жыць невыносна- існаванне мясцовым жыхарам атручвае непрыемны пах. Да раскіданых адкідаў перыядычна збіраюцца бадзяжныя сабакі, што стварае дадтковую праблему. Мясцовыя насельнікі некалькі разоў уласнымі сіламі разграбалі завалы смецця, але яны хацелі б, каб усё было па правілах – каб смецце вывозілі спецыяльныя службы, прычым тройчы на тыдзень, як належыць.
З гэтым пытаннем людзі звярнуліся ў выканкам Кастрычніцкага раёна. Але не атрымалі «ни ответа ни привета», як сказалі карэспандэнту мясцовага тэлебачання. Дарэчы, пасля звароту ў прэсу камунальнікі прыбралі звалку. Але ўсяго адзін раз, далей сітуацыя паўтарылася і паўтараецца бясконца.
Юрый Новікаў, начальнік ЖЭУ №24, патлумачыў яе тым, што «работнікі занятыя на ўборцы лісця», і што іх у прынцыпе не хапае.
ЖЭУ №24 сапраўды шукае работнікаў, але з незразумелымі ўмовамі. На сайце вакансій паведамляецца, што патрэбныя дворнікі на поўную занятасць, але не ўказаны памер заробкаў. Ахвотным для ўдакладнення дэталяў прапануюць звяртацца непасрэдна да працадаўцы.
Сітуацыя з дэфіцытам дворнікаў існуе не толькі ў Кастрычніцкім раёне абласнога цэнтра. У Першамайскім, да прыкладу, адкрыты 20 вакансій «прыбіральшчыкаў тэрыторыі». Прапанаваны заробак - 626–648 руб. Зусім не шмат за штодзённую цяжкую фізічную працу.
Марыя Бешкава