Насельнікі Мішкава спрабавалі вырашыць сітуацыю самі, звяртаючыся на прыём у выканкам Чыгуначнага раёна. І нават размяшчалі фотаздымкі ў гарадскіх пабліках. У апошнім выпадку, у адрозненне ад першага, атрымалі хаця б спачуванні. Чытачоў уразіла і лужына, і якасць «ямачнага рамонту» дарогі, і знешні выгляд прыпынка. Яны тут жа прыгадалі, як у мясцовай прэсе расхвальвалі абноўленыя прыпынкі ў цэнтры Віцебска і нават у іншы, меншх гарадах вобласці – адзін з іх мае абсталяванне для зарадкі тэлефона, другі ўпрыгожаны лозунгамі, а яшчэ цэлы шэраг – заклікамі «За Бацьку!» А нехта з чытачоў нават прапанаваў зрабіць такі надпіс на прыпынку па вуліцы 3-я Чэпінская, прычым крэйдай і крывымі літарамі – тады, маўляў, усё будзе адпаведна...
Мясцовыя жыхары падрыхтавалі новы зварот да ўладаў – да намесніка старшыні гарвыканкама, які займаецца камунальнымі пытаннямі. «Хочам адзначыць, што Мішкава – гэта частка горада, былая вёска, уключаная ў межы абласнога цэнтра яшчэ ў 1966 годзе. І мы перакананы, што, як частка горада, гэты раён заслугоўвае належнай увагі і догляду за гарадской інфраструктурай», -- гаворыцца ў звароце.
Фёдар Зайцаў