Панядзелак, 30 Верасень 2024

Бацькі просяць адмяніць будаўніцтва 16-павярховага дома пад вокнамі віцебскай СШ №45

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Першы аргумент: гмах пад вокнамі істотна зменшыць узровень асвятлення ў класах. Другі аргумент: некалі на гэтым месцы абяцалі пабудаваць дзіцячы садок, але гэтае абяцанне засталося нявыкананым, хаця неабходнасць у дашкольнай дзіцячай установе для жыхароў вуліцы Чкалава па-ранейшаму актуальная.

Спачатку тэма будаўніцтва шматпавярхоўкі абмяркоўвалася ў бацькоўскіх чатах. Потым пачаліся скаргі ў афіцыйныя інстанцыі – у выканкам Першамайскага раёна і нават у прэзідэнцкую адміністрацыю. Паводле бацькоў, «на месца прыязджала камісія, яны сказалі, што будаць тут дом не мелі права». Тым не менш, будаўніцтва ідзе. Паводле пашпарта аб'екта, завяршыць узвядзення дома павінны да сакавіка 2025 года. Аднак мясцовыя жыхары кажуць, што да праўды гэта не падобна – маўляў, «там яшчэ конь не валяўся». Такім чынам, шаснаццаціпавярхоўка каля СШ №45 мае ўсе шанцы ператварыцца ў даўгабуд.

Праблема набыла яшчэ большую вастрыню з пачаткам навучальнага года: на будоўлю ўвесь час заязджае спецтэхніка, у паветры стаіць пыл. Мясцовыя жыхары заўважылі, што ахвярай будаўніцтва стаў і невялічкі скверык уздоўж школы, пасаджаны 4-5 гадоў таму. Памкненне «ушчыльніць» забудову зразумелае: гэта дасць магчымасць далучыць будынак да ўжо наяўных камунікацый. Але ці варта будаваць дом менавіта ў гэтым месцы, побач са школай?

У гарадскіх пабліках абмеркаванне гэтых пытанняў падзяліла ўдзельнікаў дыскусіі на два лагеры: адны кажуць, што новы дом не паўплывае на асветленасць у класах, другія перакананы, што менавіта так і будзе. Але абодва «флангі» пагаджаюцца ў адным: будаўіцтва новага дзіцячага садка ў канцы вуліцы Чкалава было б куды больш дарэчы, асабліва калі можна было б захаваць дрэўцы, якіх навокал і так небагата.

Дар'я Ламаносава