Віцебскія актывісты неаднаразова звярталі ўвагу на тое, такая прыбіральня ў гарадскім парку – гэта ганьба для горада, дзе ганарацца сваімі культурнымі традыцыямі. Аднак яшчэ летась ім адказвалі, што ў планах развіцця абласнога цэнтра гэта не прадугледжана.
Да слова, гэты парк з'яўляецца ў Віцебску адным з трох месцаў, вызначаных мясцовымі ўладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў. І хаця іншых мерапрыемстваў, апрача ініцыяваных уладамі, у горадзе з 2008 года праводзіць не дазваляюць, гэтае месца доўгія гады выглядала як здзек і з удзельнікаў, і з арганізатараў.
Паколькі іншай вялікай пляцоўкі ў Чыгуначным раёне няма, то мясцовы выканкам Чыгуначнага раёна вырашыў ладзіць масавае святкаванне напярэдадні 17 верасня менавіта ў гэтым парку. А перад тым тэрмінова правесці суботнік, уключыўшы яго ў пералік ідэалагічных мерапрыемстваў да Дня народнага адзінства і 85-годдзя Заходняй Беларусі і БССР. У план дзейнасці, разам з устаноўкай лавак і абрэзкай кустоў увайшоў і знос прыбіральні – шкада, гэты доўгачаканы момант не трапіў у фотарэпартаж дзяржаўнай гарадской газеты «Віцьбічы»...
Праўда, на ўжо паабяцаную сучасную модульную прыбіральню ўлады ўсё-ткі грошай не знайшлі. І тым, каго запрасілі 14 верасня на святкаванні, давядзецца задаволіцца чатырыма блакітнымі кабінкамі.
Ларыса Маркава