Субота, 24 Жнівень 2024

МУС уключыў у «спіс экстрэмістаў» яшчэ двух жыхароў Віцебшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэта 32-гадовы Дзмітрый Васюковіч, ураджэнец Докшыцаў, і 47-гадовы аршанец Сяргей Гняўко. Абодвух нядаўна асудзілі за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Прычым для Сяргея Гняўко гэта быў ужо другі раз, калі яго пакаралі павдле арт. 368 Крымінальнага Кодэкса. Расказваем, што яшчэ вядома пра новых «экстрэмістаў». 

Дзмітрый Васюковіч нарадзіўся ў Докшыцах, але жыў і працаваў на Глыбоччыне. Яго асудзілі за выказванне ў сацыяльных сетках ад 2 сакавіка 2022г. «Яно ўтрымлівала выказаную ў непрыстойнай форме абразу на адрас прэзідэнта РБ, якая прыніжае аўтарытэт, гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы», -- так апісваецца ўчынак Дзмітрыя Васюковіча ў інфармацыі на сайце Вярхоўнага суда.

Суддзя Глыбоцкага райсуда Андрэй Тарасевіч прызнаў Дзмітрыя Васюковіча вінаватым у публічнай абразе аляксандра Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 КК і прыгаварыў яго да пакарання ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць тэлефон асуджанага як сродак здзяйснення злачынства.

Сяргей Гняўко нарадзіўся ў Оршы, некалькі апошніх гадоў працаваў у Расіі на будоўлях, рамантаваў аўтамабілі. У снежні 2019 г. у Санкт-Пецярбургу яго асудзілі за крадзёж да 1 году выпраўленчых работ.

Упершыню быў асуджаны паводле ч.1 арт. 368 КК суддзёй Кастрычніцкага раёна горада Мінска Інай Сівец 5 траўня 2023 года.

Сёлета 4 чэрвеня 2024 г. у судзе Аршанскага раёна і г.Орша была разгледжаная яшчэ адна крымінальная справа Сяргея. Яго зноў абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК). Справу разглядала суддзя Юлія Вяршыніна.

Суд прызнаў Гняўко вінаватым і на падставе ч.2 арт. 368 КК яму было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін чатыры гады. Па сукупнасці прысудаў да прызначанага пакарання суд часткова далучыў неадбытае пакаранне па папярэднім прысудзе і канчаткова прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 16 жніўня 2024 г. Віцебскі абласны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Сяргея Гняўко.

Віталь Грышак