Аўторак, 30 Чэрвень 2015

Студэнта Полацкага дзяржунівэрсытэту апыталі наконт расьцяжкі «Свабоду палітвязьням»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Зьміцер Дзякаў паведаміў праваабаронцу Паўлу Левінаву, што 26 чэрвеня да яго дахаты прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Хлопец адмовіўся адказваць на іх пытаньні.

Зьміцер Дзякаў ніколі не хаваў, што расьцяжку “Свабоду палітвязьням” на вуліцы Ленінградзкай у Віцебску вывесіў ён – інфармацыя пра гэта 14 траўня шырока разышлася па інтэрнэт-сайтах. Але яго зьбянтэжыў падыход міліцыянтаў да гэтай справы.

“Зьміцер патэлефанаваў 26 чэрвеня і сказаў, што яго зьбіраюцца апытаць у якасьці сьведкі правапарушэньня. І што яму паказалі раздрукоўкі з інтэрнэту, дзе напісана, што сьцяг вывесіў ён. Чаму сьведкі? Навошта было прыходзіць дахаты, калі можна выклікаць у пастарунак афіцыйна – позвай? Зьміцер сказаў, што ён адмовіўся адказваць на пытаньні, спаслаўшыся на права не сьведчыць супраць сябе, гарантаванае 27-м артыкулам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, — распавёў Павал Левінаў.

19 траўня Зьміцер Дзякаў быў пакараны штрафам памерам 20 базавых велічынь за расьцяжку зь літарамі “БХД”, вывешаную ў Наваполацку. Аштрафавалі яго проста ў міліцыі, прызнаўшы вінаватым паводле адміністрацыйнага артыкулу 21.14, часткі 1 за парушэньне “Правіл добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь”. Пастанову пра штраф памерам 20 базавых велічынь (3 мільёны 600 тысяч рублёў) вынес начальнік Наваполацкага гарадзкога аддзелу міліцыі Дзьмітры Разянкоў.

Празь некалькі дзен штрафамі пакаралі і дваіх сяброў Зьмітра – міліцыя палічыла, што расьцяжку яны вывесілі ўсе ўтрох. Зьміцер Дзякаў спрабаваў аспрэчыць прысуджаны штраф, але безвынікова.

Паводле spring96.org