Серада, 09 Верасень 2020

Андрэй Кулакоў распавёў, калі зьявіцца трэці «жывемабіль». І ці зьявіцца?..

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
"Жывемабіль" падчас аўтапрабегу 5 верасьня "Жывемабіль" падчас аўтапрабегу 5 верасьня

Бела-чырвоны Volkswagen Transporter T3 прадпрымальніка Андрэя Кулакова інакш як «Жывемабілем» ніхто ўжо і не называе – ён стаў адным з сымбаляў пратэставых акцый у Віцебску. 20 жніўня мікробус трапіў у аварыю і быў затрыманы. Праз два дні на зьмену яму зьявіўся брат-блізьнюк, але і яго супрацоўнікі ДАІ затрымалі ў другі раз для зьверкі VIN-нумару.

Як распавядае Андрэй Кулакоў, раней ён займаўся аздабленьнем у будаўнічым бізнэсе. Цяпер цалкам пераключыўся на машыны, мае намер прывесьці ў працоўны стан для сябе тры бусы. Як кіраўнік віцебскага клюбу аматараў Volkswagen Transporter, вельмі рады, што хобі пакрысе перарастае ў асноўны від дзейнасьці.

Першы «жывемабіль»

Упершыню на «жывемабілі» Андрэй выехаў 16 жніўня. Некалькі дзён ніхто не чапаў, хаця сьледам пачаў заўважаць ціхароў. 20 жніўня трапіў у аварыю з машынай ДАІ. Бус затрымалі для спраўджаньня VIN-нумару.

Андрэй Кулакоў

Лічыць, што аварыю справакавалі адмыслова. Пасьля здарэньня Андрэя на 11 месяцаў пазбавілі правоў і аштрафавалі на 13,5 базавых велічыняў. З рашэньнем камісіі Андрэй не пагадзіўся і зьбіраецца яго аспрэчваць.

«Нагодай для выезду стала нязгода з тым, што адбываецца ў краіне. Гэта ненармальна, калі законы ў краіне не працуюць, калі былы прэзыдэнт сам сябе прызначае на чарговы тэрмін. Калі аддаюцца загады на зьбіцьцё мірных людзей. Гэта ненармальна!» – перакананы Андрэй Кулакоў.

Другі «жывемабіль»

Другі «жывемабіль» Андрэй пачаў рыхтаваць вечарам 20-га. 22 жніўня паехаў у ДАІ на перарэгістрацыю. З тэхагляду з-за наяўнай карозіі адправілі на экспэртызу. У Першамайскім РАУС бус затрымалі. Па другім бусе экспэртыза прайшла раней, чым па першым, і 4 верасьня яго вярнулі ўладальніку, хоць вынікі экспэртызы на рукі ня далі.

У суботу выехалі ў горад, каб быць на чале калёны аўтапрабегу салідарнасьці. Мікробусам кіраваў знаёмы Андрэя Кулакова. На вуліцы Воінаў-Інтэрнацыяналістаў «жывемабіль» спынілі, праверылі дакумэнты, аформілі пратакол затрыманьня, але зь якой нагоды – не паведамілі. У Першамайскім РАУС патлумачылі, што затрымалі нібыта для правядзеньня экспэртызы і зьверкі VIN-нумару, глядзець які ніхто ня стаў.

«Нонсэнс нейкі! У пятніцу вярнулі пасьля праведзенай экспэртызы, а на наступны дзень забралі бус для правядзеньня новай. Такі вось цырк», – кажа Андрэй.

«Раней я быў апалітычным»

«У сваім ранейшым жыцьці я быў нязгодны са шмат якімі момантамі, але ад палітыкі быў далёка, гэтак жа, як і ад палітычных партый. Было толькі асабістае адчуваньне, што ў краіне чыніцца несправядлівасьць, бо я чалавек якому ня ўсё адно, што ў нас адбываецца», – кажа Андрэй.

«Што тычыцца БЧБ, то я нават ня ведаў, што гэта такое. Ведаў, што з гэтымі сьцягамі на дзень Волі выходзіць апазыцыя. Мне гэта было нават нецікава. На той час я быў апалітычным. Цяпер бел-чырвона-белы сьцяг стаў сымбалем свабоды, сымбалем супраціву «беззаконьню» сілавікоў», – дадае.

Здушыць народны пратэст немагчыма

«Здушыць пратэставыя настроі народу ўжо немагчыма. І хаця пераважная колькасьць насельніцтва актыўнасьці не праяўляе і на маршах у горадзе я іх не сустракаў, у прыватных размовах людзі падтрымліваюць пратэст. Хтосьці перажывае за працу, хтосьці банальна баіцца быць аштрафаваным. Для чалавека з заробкам у 300-400 рублёў атрымаць штраф каля 1000 рублёў – гэта катастрофа. Асабліва, калі сям'я, дзеці. Гэта людзей спыняе. Але ж тую колькасьць людзей, якая адважылася выйсьці, здушыць немагчыма. Гэтыя людзі адчулі смак свабоды, і назад у стойла іх не загоніш. Іх ужо і затрымлівалі, і зьбівалі, і штрафавалі, але гэта ўжо не працуе», – перакананы Андрэй Кулакоў.

Ці будзе трэці «жывемабіль»?

«Усё залежыць ад далейшых падзеяў у краіне. Клянаваць чарговы жывемабіль асаблівага сэнсу цяпер няма. Калі б сілавікі не пачалі «бязьмежыць», мабыць, ужо зрабіў бы трэці і, пэўна, езьдзіў на ім. Але я разумею, што калі зраблю, то бус з той самай прычыны пойдзе на праверку VIN-нумару. Да таго ж падыходзіць тэрмін вяртаньня першага буса… Так што – жыве Беларусь!» – кажа на разьвітаньне кіроўца легендарнага жывемабіля.

С. Горкі