Як распавёў мясцовы краязнаўца Анатоль Каланіцкі, 14 сьнежня 1943 году ў вёсцы Самасадкі карнікі схапілі жонку начальніка выведкі 6-га партызанскага атраду «Марак» брыгады «Аляксея» Мікалая Фаміча Арлоўскага - Варвару Макеевну і яе траіх дзяцей, прычым самае маленькае дзіця было яшчэ грудным. Жанчыну зь дзецьмі прывялі да дрэва недалёка ад Катоўскага сельсавету, дзе ўсіх забілі.
З часам братэрская магіла ахвяр нацызму прыйшла ў запусьценьне. Абеліск зламаны, на ім ужо даўно няма шыльды з імёнамі загінулых. Агароджа, хоць і падфарбоўваецца час ад часу, таксама пакасілася. Ужо далёка ня ўсе жыхары вёскі Котава ведаюць, што гэта за магіла і хто ў ёй пахаваны.
Таму 22 чэрвеня Анатоль Каваленка зьвярнуўся да мясцовых уладаў з просьбай добраўпарадкаваць пахаваньне і належным чынам ушанаваць памяць ахвяр вайны. 22 ліпеня яму адказала намесьніца начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага раённага выканаўчага камітэту Ірына Капшуль.
У сваім адказе спадарыня Капшуль піша, спасылаючыся на Закон «Аб пахаваньні і пахавальнай справе», што ўсталяваныя на могілках надмагільныя збудаваньні зьяўляюцца ўласнасьцю асоб, якія ўзялі на сябе арганізацыю ўстаноўкі надмагільных збудаваньняў. Пры гэтым яна сьцьвярджае, што згодна з пунктам 44 пастановы Саўміну «Аб зацьвярджэньні правілаў утрыманьня месцаў пахаваньня», магілы, надмагільныя збудаваньні павінны ўтрымлівацца ў належным парадку за кошт грамадзян, якія зрабілі пахаваньне, выкінуўшы чамусьці з цытаты правілаў словы «і арганізацыяў».
Зрэшты, ня будзем чапляцца па дробязях, бо намесьніца начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі мусіла б ведаць, што ў дачыненьні да магілы замардаванай нацыстамі партызанскай сям'і дзейнічае «Палажэньне аб парадку ўшанаваньня памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў у Рэспубліцы Беларусь». Згодна з пунктам 12 гэтага палажэньня мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы сярод іншага павінны ажыцьцяўляць мерапрыемствы па добраўпарадкаваньні пахаваньняў абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў і ўтрыманьні ў парадку надмагільляў, помнікаў і мэмарыяльных збудаваньняў, што маюцца на іх. Гэтым жа дакумэнтам вызначаецца, што ахвяры войнаў - гэта асобы, якія загінулі падчас акупацыі або ваенных дзеяньняў.
Апроч таго, у мэтах забесьпячэньня захаванасьці пахаваньняў абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў вызначаюцца межы ахоўных зон і зон ахоўнага прыроднага ляндшафту ў парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Крыніца: Народныя навіны Віцебска