Выступоўца расказаў пра досьвед швэдаў у справе дэалькагалізацыі насельніцтва. Ці магчыма яго выкарыстаць у беларускай рэчаіснасьці?
Згодна з сусьветным рэйтынгам ужываньня алькаголю, Беларусь у 2014 годзе займала 10-е месца з паказьнікам – 15,13 літры на чалавека. У Швэцыі – 10,3 літры. Але ў 2016 годзе Беларусь узьнялася ўжо на другі радок – 16,4 літры. Як адзначыў спадар Барысаў, цікавай была рэакцыя на гэта беларускіх уладаў. Замест таго, каб рабіць нейкія захады па дэалькагалізацыі, яны абвінавацілі… складальнікаў рэйтынгу ў памылковай мэтодыцы падліку.
Моцныя напоі – ад 20 гадоў
Прыклад Швэцыі ў дэалькагалізацыі краіны вельмі паказальны. Сто гадоў таму Швэцыя была адным з самых дэпрэсіўных рэгіёнаў Эўропы. Працы не было, кожны чацьвёрты жыхар вымушаны быў пакінуць краіну. Насельніцтва, якое не бачыла выйсьця, сьпівалася. Дзеля вырашэньня праблемы там прынялі праграму дэалькагалізацыі, якая цяпер дае свой плён.
Пра дэалькагалізацыю ў Швэцыі распавядаў Ігар Барысаў
Так, калі ў Беларусі 18-гадовы маладзён ужо мае права купіць любы алькагольны напой, дык ягоны раўналетак у Швэцыі можа набыць толькі напой з утрыманьнем алькаголю ня больш за 3,5 градусы. Больш моцныя напоі можна купіць толькі пасьля таго, як спажыўцу споўніцца 20 гадоў.
Калі ў Швэцыі сьпіртовыя напоі прадаюцца ад 10-й да 19-й гадзіны, то ў Беларусі іх можна купляць круглыя содні. Да таго ж у скандынаваў у суботу продаж абмяжоўваецца ўсяго пяцьцю гадзінамі (з 10 да 15), а ў нядзелю крамы і наогул не працуюць.
Гарэлка за 25 эўра
І яшчэ трохі статыстыкі. Калі ў Беларусі на адну кропку продажу алькаголю, якая знаходзіцца ў крокавай дасяжнасьці, прыпадае 550 жыхароў, то ў швэдаў адна крама разьлічаная аж на 20 тысяч чалавек. Моцныя напоі там можна набыць толькі ў спэцыялізаваных дзяржаўных крамах. На ўсю Швэцыю такіх крамаў усяго 436. Прычым такія крамы ня маюць на мэце прадаць алькаголю як мага больш, бо ўсе яны падпарадкоўваюцца міністэрству аховы здароўя.
Падкрэсьлім: там дзяржава не імкнецца зарабіць на здароўі сваіх грамадзянаў, як у нас.
Ніякіх зьніжак на алькаголь у Швэцыі не бывае. Табе ніколі не прададуць бутэльку, калі ты ўжо заўважна падпіты. І вось што важна: 77% швэдаў падтрымлівае такую гандлёвую палітыку.
Што да коштаў, гарэлка там каштуе 25 эўра пры сярэднім заробку ў 3500 эўра. У той жа час беларусы, якія атрымліваюць заўважна менш (у сярэднім 350 эўра), могуць набыць на свой заробак больш гарэлкі, чым тыя ж швэды.
5 сродкаў барацьбы з п’янствам па-швэцку
- Падвышэньне акцызаў;
- татальная забарона рэклямы ўсёй сьпіртовай прадукцыі, у тым ліку піва і слабаалькагольных напояў;
- стварэньне групаў ананімных алькаголікаў;
- пералічэньне часткі прыбытку ад продажу алькаголю цэнтрам, якія займаюцца рэабілітацыяй людзей з алькагольнай залежнасьцю;
- пазбаўленьне ліцэнзіі за парушэньне правілаў гандлю алькагольнай прадукцыяй...
15 гатункаў хлеба і 200 – гарэлкі…
Падчас дыскусіі адна з удзельніц сустрэчы распавяла гісторыю змаганьня з алькагольнай залежнасьцю ва ўласнай сям'і. Не дапамагалі ані мэдычныя сродкі, ані ўдзел у групах ананімных алькаголікаў. У часе лячэньня былі надзеі на паляпшэньне, але адмовіцца ад залежнасьці так і не атрымалася. Падводзячы высновы, жанчына зазначыла, што алькагалізм – гэта трагедыя ня толькі алькаголіка, але і ягонай сям'і. І такіх гісторый у Беларусі процьма.
Адзін з удзельнікаў дыскусіі зазначыў, што сытуацыя ніколі ня зьменіцца, пакуль дзяржава ня спыніць прапаганду спажываньня алькаголю. Яскравы прыклад: у краме 15 гатункаў хлеба і больш за 200 найменьняў алькагольнай прадукцыі.
Згадалі ўдзельнікі імпрэзы і яшчэ дзьве крыніцы спажываньня алькаголю, якія ня ўлічваюцца пры стварэньні рэйтынгаў: самагонаварэньне і ўжываньне аптэчных вырабаў, якія ўтрымліваюць сьпірт. Прычым самагон гоняць ня толькі на вёсцы, але і ў горадзе. Таму ў свой час давядзецца вырашаць і гэтую праблему.
Як кажуць экспэрты, вынікі неафіцыйных падлікаў спажываньня алькаголю ў Беларусі могуць перавысіць афіцыйную статыстыку ў некалькі разоў.
Моцная палітычная воля – супраць моцных напояў
Гісторык Анатоль Сідарэвіч, які актыўна ўдзельнічаў у абмеркаваньні, напрыканцы сустрэчы зазначыў: “Каб стаць упоравень з Эўропай у гэтым пытаньні, трэба найперш стварыць адпаведную матэрыяльную базу, узьняць узровень жыцьця, культуры, адукацыі. Закон аб дэалькагалізацыі можна прыняць, але, каб ён запрацаваў, неабходныя грошы. А грошай у дзяржаве няма…”
Выступае Анатоль Сідарэвіч
“Трэба яшчэ разумець, што без палітычнай і эканамічнай дэмакратыі, мы не дачакаемся ў краіне ані сацыяльнай, ані культурнай дэмакратыі… А толькі пры стварэньні сацыяльнай дэмакратыі зьяўляецца магчымасьць пераадольваць усе сацыяльныя хваробы”, – дадаў Анатоль Сідарэвіч.
Ігар Барысаў таксама лічыць, што ў сёньняшніх умовах дэмакратычныя сілы ня могуць значна ўплываць на сытуацыю.
“Але ў нашых сілах сфармаваць агульныя прапановы ды перадаць іх зацікаўленай дзяржаўнай арганізацыі, якая мае магчымасьць узьдзейнічаць на прыняцьце рашэньняў у гэтым пытаньні. І цалкам слушна тое, што бяз моцнай палітычнай волі вырашыць праблему дэалькагалізацыі насельніцтва нашай краіны не ўяўляецца магчымым”, – падсумаваў Ігар Барысаў.
https://viciebskspring.org/news/roznae/item/3101-alkagalizatsya#sigProId00ee24be11
С. Горкі