Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард, які зараз знаходзіцца ў статусе падазраванага ў паклёпе (ч.2 арт. 188 КК) на пракурора Віцебска Юрыя Раманоўскага, паведаміў у сваёй заяве ў Генпракуратуру, што старэйшы сьледчы УСК РБ па Віцебскай вобласьці Андрэй Гушча, ужываючы псыхалягічны ціск, прымушае яго даваць паказаньні супраць сябе і спрабуе сарваць лячэньне.
“У тым ліку прымушае мяне, інваліда 2-й групы, без удзелу адваката рабіць іншыя дзеяньні, падпісваць дакумэнты, усьведамляючы пры гэтым, што я знаходжуся ў цяжкім стане на лячэньні ў больніцы”, – піша Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард.
Паведамляе, што 9 студзеня 2019 году “Гушча прыехаў у лякарню і спрабаваў сарваць маё лячэньне”. “У прысутнасьці галоўнага ўрача лякарні Казлоўскага я скарыстаўся арт. 27 Канстытуцыі РБ”, – патлумачыў падазраваны.
“10 студзеня з пракуратуры Віцебскай вобласьці ў ВДКБ прыйшоў запыт аб спыненьні майго лячэньня для правядзеньня допытаў, нягледзячы на тое, што я паведаміў аб маім нежаданьні даваць якія-небудзь паказаньні”, – піша ў скарзе мужчына.
Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард просіць прыцягнуць сьледчага Гушчу, а таксама намесьніка пракурора Віцебскай вобласьці да прадугледжанай законам адказнасьці, бо сваімі дзеяньнямі, на думку заяўніка, яны парушаюць заканадаўства (арт. 41 КПК, арт. 27 Канстытуцыі).
Адзначым, што ад моманту ўзбуджэньня крымінальнай справы паводле арт. ч.2 арт. 188 КК у дачыненьні Кірылава-Шмільхольдхарда і доктара-праўдаруба Ігара Пастнова прайшло ўжо каля паўгода, але абвінавачаньні падазраваным так і не прад’явілі.
Напрыканцы верасьня 2018 году мужчын гвалтам – пад канвоем і ў кайданках – адвезьлі на псыхіятрычную экспэртызу ў Менск, але сталічныя дактары адмовіліся праводзіць экспэртызу над “прымусова дастаўленымі” грамадзянамі.
Зьміцер Міраш