Традыцыю запачаткавалі ў 2006 годзе, калі памёр колішні кіраўнік гарадзкой арганізацыі КХП БНФ Уладзімер Плешчанка. Штогадовы жалобны маршрут пачынаецца з гарадзкіх могілак «Копці», вядзе да магілы Ўладзімера Плешчанкі, што ў вёсцы Друкава, і заканчваецца ля сымбалічных крыжоў у памяць ахвяраў таталітарнага рэжыму ля вёскі Паляі.
Большая частка сяброў знайшлі свой спачын на могілках «Копці». Гэта колішнія чальцы БНФ Алесь Мудрычэнка, Раман Салаўян, Сяргей Цярэнцьеў, а таксама старшыня абласной арганізацыі АГП Алена Залеская. У сьнежні мінулага году тамсама пахавалі незалежнага віцебскага журналіста Ўладзімера Жыгулова.
Самым кранальным момантам сталася наведваньне магілы блізкага сябра Барыса Хамайды Ўладзімера Плешчанкі. Як зазначыў Барыс Ханонавіч, не зважаючы на тое, што з дня сьмерці прамінула ўжо дванаццаць гадоў, адчуваньне страты ня стала меншым.
Кажа спадар Хамайда:
– Мы ж людзі. Мы павінны памятаць тых, з кім мы пачыналі, хто паклаў сваё жыцьцё за Беларусь. Той народ, што ня памятае мінулага, ня мае будучыні. Таму трэба памятаць. Лічу, што Дзяды – гэта такі дзень, калі трэба ўсё адкладаць і ехаць, не зважаючы на надвор'е. Пакуль жывыя, будзем езьдзіць.
Былая актывістка Галіна Люмарава так патлумачыла свой удзел у сёлетнім жалобным маршруце:
– Калісьці з гэтымі людзьмі я была зьвязаная праз клюб Барыса Хамайды «За дэмакратычныя выбары». Гэта тыя асобы, якія хацелі бачыць нашу краіну свабоднай, дэмакратычнай, эканамічна разьвітай. Таму прыехала сюды сёньня разам зь сябрамі.
У лесе ля Паляёў ляжаць сотні, а мо і тысячы невядомых ахвяраў сталінскага рэжыму. На дзяржаўным узроўні ніхто ня ўзгадвае тых людзей добрым словам. І толькі дзякуючы намаганьням прадстаўнікоў віцебскай дэмакратычнай супольнасьці некалькі разоў на год да сымбалічных крыжоў кладуцца кветкі і запальваюцца зьнічкі ў памяць бязьвінна забітых таталітарным рэжымам беларускіх грамадзянаў.
https://viciebskspring.org/news/roznae/item/2972-na-dzyady-barys-khamajda-z-paplechnikami-navedau-magily-pamerlykh-syabrou#sigProId925e5a7b35
С. Горкі