Чацвер, 05 Снежань 2013

Кітайцы абвясьцілі пачатак вялікай бітвы на Віцебшчыне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхароў Прыдзьвіньня зацікавіў велізарны лёзунг, які змайстравалі на беразе Дзьвіны на месцы будаўніцтва Віцебскай гідраэлектрастанцыі. На процілеглым ад Лужасна беразе Дзьвіны ўсталяваныя дванаццаць вялікіх белых шчытоў, на якіх чырвонай фарбай напісаныя герогліфы. З дапамогай калегаў, якія валодаюць кітайскай мовай, удалося атрымаць пераклад гэтага лёзунгу.

Ён, прыблізна, абвяшчае наступнае: « Вялікая бітва за тое, каб перакрыць раку плацінай для ГЭС, за 60 дзён згодна з графікам работ». Цалкам у духу беларускіх рэаліяў, толькі замест бітвы за ўраджай, тут бітва з ракой за плаціну. Зрэшты, падчас візыту журналістаў «поле бітвы» было пустынным. Ніякіх, прыкметных воку, работ не чынілася.

Калі пачаліся і калі скончацца гэтыя 60 дзён вялікай бітвы, высьветліць не ўдалося. Згодна з пашпартам аб’екту, будаўніцтва Віцебскай ГЭС пачалося ў красавіку 2013, а скончыцца ў студзені 2017 году. ГЭС будзе мець устаноўленую магутнасьць 40 МВт, найбольшая колькасьць энэргіі яна будзе вырабляць у красавіку - 40 мільёнаў кВт⋅ч, а самая нізкая ў лютым - усяго 4,5 мільёна кВт⋅ч.

Дамоўленасьць пра падпісаньне крэдытнага пагадненьня па фінансаваньні будаўніцтва Віцебскай гідраэлектроўні зь Дзяржаўным банкам разьвіцьця Кітая была дасягнутая ў жніўні 2011 году. Тады плянавалася, што будаўніцтва пачнецца ў 2012 годзе, а ўвойдзе ў строй электрастанцыя ў 2015 годзе.

Крыніца: Народныя навіны Віцебска