«Наша Ніва» пагутарыла праз чат з адным зь фігурантаў справы, Максімам Ціханавым. Недапасаваньні ў склонах, адрывістасьць адказаў можа тлумачыцца тым, што чалавек глуханямы. Падаём ягоныя адказы даслоўна.
— Вы займаліся распаўсюдам сьцягоў у якасьці бізнэсу ці проста сыходзячы са сваіх перакананьняў?
— Проста для сябе.
— А чаму менавіта расейскія?
— Я ж ня толькі РФ. А разам РФ і РБ. Гэта ж не фашысцкая схватка.
— Але ўсё ж у нас у краіне ў адносінах да Расеі ці вельмі «за», ці радыкальна «супраць». Вы з гэтым не сутыкаліся?
— Адзін чалавек супраць у Воршы. Людзі былі задаволеныя браць сьцяжкі. Самі пытаюцца, дзе РФ.
— А апошнія падзеі «Украіна-Расея» неяк паўплывалі на попыт? Сталі больш браць ці менш?
— Я не зьбіраюся супраць Украіна. Проста ў нас саюз РБ і РФ. Я нават капейчыну атрымліваю, чым на заводзе.
— Я ня гэта меў на ўвазе. Як людзі ў апошні час адрэагавалі на палітычную сытуацыю ў Расеі? Яны сталі купляць больш сьцяжкоў? Ці наадварот, расчараваліся ў Расеі і купляюць менш?
— Бывае дрэнна, бывае добра.
— А як вы ў цэлым лічыце, ці патрэбная справа прадаваць сьцягі РФ у нашай краіне? Ці ў гэтым можа быць нешта нэгатыўнае?
— Гэта проста ўпрыгожваньне для машын. Але ў мяне будзе ў суд.
— Але суд, як я разумею, за продаж безь ліцэнзіі? Самі сьцягі тут ні пры чым.
— Але ў нас канфлікт. Адзін з пакупнікоў падаў заяву з-за РФ, а я на яго за тое, што ён пагражаў і псыхаваў.
— А сьцягі іншых краін не карыстаюцца попытам? Вы ня думалі пра гэта? Польшчы? Летувы? Эўразьвязу?
— Ім ня трэба. У нас толькі саюз РФ і РБ.
— А як вы думаеце, гэта не пагражае нашай незалежнасьці? Такая, не зразумейце няправільна, прапаганда РФ.
— Я так ня думаю.
— А колькі каштавалі ў вас сьцяжкі?
— 20 тысяч, а сабе 5 тысяч на харчаваньне. Гуртам дорага каштуе. У Расеі там робяць РБ і РФ.
— У інтэрнэце была інфармацыя, што вам іх прывозілі бясплатна.
— Няма ніякай бясплатна. Я напісаў заяву, што езьдзіў у РФ, там, дзе гуртам, і купіў.
— А ў вас не было пачуцьця страху пры продажы? У Менску ходзяць гісторыі, што ня ўсе вельмі прыязна ставіліся да прадаўцоў расейскіх сьцягоў.
— Я ні за што не прадам адзін сьцяг РФ. Толькі разам РБ і РФ. У мяне няма страху.
— А наогул мэта вашага бізнэсу гэта фінансавая выгада або проста агітацыя за «Расея і Беларусь разам»?
— Проста за Расея і Беларусь. Для выжываньне, а ня мэта бізнэс. Я ня так ужо добра зарабляю. У паперы напісана, што для таго каб выжыць.
— А якія ў вас пляны на будучыню? Зьбіраецеся атрымліваць ліцэнзію і працягваць гэтым займацца? Ці ўжо ўсё, пасьля гэтай гісторыі?
— Да канца лета і ўсё. Толькі сьцяжкі РБ. А РФ больш не прадаю. Я выдаляюся «Укантакце», бо мне пішуць чужыя людзі. І непрыемныя словы.
У тлумачэньнях Максіма за кадрам застаецца самае важнае. Сьцяжкі — менавіта расейскія і адразу ва ўсёй краіне — пачалі раздаваць глуханямыя. За гэтай ідэяй і тэхналёгіяй раздачы, як бачыцца, стаіць нехта ў спэцслужбах Расеі. Той, хто першым аддаў сьцяжкі ў рукі глуханямых. Попыту на тыя сьцяжкі раней не было ніякага. Пакуль не пачалі раздаваць. Прывучаючы, фактычна, беларусаў да наяўнасьці расейскіх сьцяжкоў паўсюль.
Крыніца: «Наша Ніва»