Аўторак, 05 Красавік 2016

Віцебск – фарпост «Рускага сьвету» ў Беларусі?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Русcкий мир Русcкий мир

Знаходзячыся ў непасрэднай геаграфічнай блізкасьці да Расеі, Віцебск ня можа ня быць уключаным у арбіту новай расейскай геапалітычнай канцэпцыі, якая называецца «Рускі сьвет».

Некаторыя прадстаўнікі расейскай эліты лічаць, што гэтая канцэпцыя адлюстроўвае рэальныя сацыякультурныя і геапалітычныя зьявы, іншыя – мяркуюць, што канцэпцыя ўяўляе сабой палітычны лёзунг, які адлюстроўвае постімпэрскія настроі.

Так ці інакш, сацыяльна-палітычныя працэсы, якія праходзяць у межах Віцебскай вобласьці, пераканаўча даказваюць рэальнасьць існаваньня ў ёй «Рускага сьвету» і яго запатрабаванасьць насельніцтвам «паўночнай сталіцы» Беларусі.

На «жыраваньні» ў «Россотрудничества»

Ёсьць у Расеі вельмі цікавая арганізацыя, якая называецца Фэдэральнае Агенцтва «Россотрудничество», створанае ў верасьні 2008 году.

З 2014 года Агенцтва наўпрост рэалізуе дзяржаўную Праграму РФ па кансалідацыі грамадзкіх аб'яднаньняў суайчыньнікаў, якія пражываюць за мяжой, задавальненьню іх культурных, моўных і духоўных патрэбаў, падтрымцы моладзі расейскай дыяспары.

Паводле міжурадавай дамовы, пры канцы 2009 году прадстаўніцтва «Россотрудничества» было адкрытае і ў Рэспубліцы Беларусь.

Калі ўважліва азнаёміцца ​​з сайтам беларускага прадстаўніцтва, то можна заўважыць, што дзейнасьць гэтай замежнай арганізацыі выходзіць за межы заяўленых мэтаў.

Выразным прыкладам гэтага служаць падзякі Агенцтву «Россотрудничества» ад дзяржаўных органаў і ўстаноў Віцебскага рэгіёну.

Так, аддзел адукацыі, спорту і турызму Віцебскага раённага выканаўчага камітэту выказвае вялікую ўдзячнасьць за ўсталяваньне 5 спадарожнікавых антэн ва ўстановах адукацыі Віцебскага раёну.

Рэктарат УА «Віцебская ордэну «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны» выказвае глыбокую ўдзячнасьць за актыўную і плённую супрацу ў справе арганізацыі і правядзеньня Другога адкрытага міжвузаўскага фэстывалю-сьвята Наўруз.

Аргкамітэт Міжнароднага фэстывалю-конкурсу дзіцячай і моладзевай творчасьці «Вясёлка над Віцебскам» выказвае шчырую падзяку за падтрымку гэтага праекту, заснаваньне спэцыяльных дыплёмаў і прызоў для яго ўдзельнікаў.

Усе вышэйпералічаныя беларускія дзяржорганы і ўстановы не зьяўляюцца суб'ектамі, на якія распаўсюджваецца дзейнасьць Агенцтва па дапамозе ў задавальненьні культурных, моўных і духоўных патрэбаў расейскіх суайчыньнікаў за мяжой. Тым ня менш гэтыя віцебскія праекты былі падтрыманыя «Россотрудничеством».

Можна меркаваць, што намі пералічаныя далёка ня ўсе органы і арганізацыі, якія тым ці іншым чынам атрымлівалі матэрыяльную і іншую дапамогу ад Агенцтва. Таму немагчыма ацаніць маштабы дапамогі і, як вынік, здабытую прыхільнасьць віцебскіх чыноўнікаў да «Рускага сьвету».

Больш таго, аднойчы скарыстаўшыся зь бюджэтных сродкаў іншай дзяржавы, кіраўнікі беларускіх установаў і арганізацыяў не без падставаў «спадзяюцца на далейшую плённую супрацу»!

Ён пабудаваў «Рускі дом»

У Віцебску жыве і працуе русафіл Андрэй Герашчанка, былы дробны чыноўнік Адміністрацыі Кастрычніцкага раёну. Ён стаў прыкметнай постацьцю ў Беларусі дзякуючы таму, што актыўна ўвасабляе ў жыцьцё ідэі русізму.

У цяперашні час спадар Герашчанка займае розныя грамадзкія, палітычныя і рэлігійныя пасады. Ён зьяўляецца кіраўніком грамадзкага аб'яднаньня «Рускі дом» у Віцебску і адначасова старшынём Каардынацыйнай рады кіраўнікоў грамадзкіх аб'яднаньняў расейскіх суайчыньнікаў Рэспублікі Беларусь пры амбасадзе Расейскай Фэдэрацыі ў г. Менску. Ён жа зьяўляецца галоўным рэдактарам штомесячнай газэты «Наше правовславие», заснавальнікам якой выступае Віцебская епархія Беларускай праваслаўнай царквы. Палітычная дзейнасьць Герашчанкі палягае ў тым, што ён уваходзіць у Палітвыканкам Віцебскай абласной арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці.

А. Герашчанка - 2-гі зьлева
А. Герашчанка - 2-гі зьлева

Андрэй Герашчанка мае непасрэдныя кантакты з амбасадарам Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Аляксандрам Сурковым. Фактычна ён ажыцьцяўляе каардынацыю дзейнасьці сеткі прарасейскіх арганізацыяў у Беларусі. У тым ліку ўзаемадзейнічае і зь беларускім офісам «Россотрудничества».

Па той жа схеме «Россотрудничества» працавала і ва Ўкраіне. Цяпер у гэтай краіне вайна і хаос.

Віцебчукі – за «Рускі сьвет»?

Надзвычай высокая цяга да Расеі ў жыхароў Віцебску часьцяком мае нейкі сакральны і ірацыянальны характар. 25-гадовая сувэрэннасьць і незалежнасьць Беларусі ніякім чынам не разбурыла «рускасьць» ў большасьці беларускіх грамадзян, якія пражываюць у Віцебску.

Як па ўзмаху нейкай чароўнай палачкі, зь вясны 2014 году ў салёнах і на антэнах прыватных і дзяржаўных аўтамабіляў віцебчукі прывязалі «георгіеўскія стужачкі» як сымбаль безумоўнай падтрымкі сілавых мэтадаў дзеяньняў Расеі ў зьнешняй палітыцы. І як наступства: у пэрыяд эйфарыі «перамог над бандэрамі» пераважная большасьць віцебчукоў адкрыта, словам і справай, падтрымалі сэпаратыстаў і Расею.

Віцебскія казакі адкрыта зьбіралі ў публічных месцах грашовыя сродкі для жыхароў мяцежных рэспублік Луганску і Данецку.

Падчас актыўных баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны ў грамадзкіх лазьнях гораду можна было сустрэць загарэлых віцебчукоў, якія, паводле іх словаў, прыйшлі ў лазьню «змыць акопнай пыл Наваросіі».

У чыіх акопах найбліжэйшым часам апынуцца гэтыя абаронцы «Рускага сьвету», нам давядзецца даведацца ўжо досыць хутка.

Лявон Яфрэменка