Інтэрвію з гэтай нагоды даваў Алег Ганчароў – сябра Рады па ўзаемадзеяньні з рэлігійнымі аб’яднаньнямі пры прэзыдэнце Расеі, першы намесьнік старшыні Эўра-Азіяцкага дывізіёну Генэральнай канфэрэнцыі Царквы хрысьціян – адвэнтыстаў сёмага дня. У словах пастара адсутнічае шавінізм і якое-кольвечы непрыязнае стаўленьне да іншых народаў. Але ёсьць даволі спрэчная фраза пра тое, што кожная канфэсія ўключалася ў рэлігійнае жыцьцё Расеі безь якіх-небудзь стратаў і, маўляў, толькі пры канцы ХІХ стагодзьдзя ў краіне была зробленая стаўка на адну дзяржаўную рэлігію – праваслаўе.
Газэта «Сокрытое сокровище» распаўсюджваецца бясплатна, яна папросту раскідваецца па паштовых скрынях. Яе выпісвае аршанская Царква адвэнтыстаў сёмага дня. І хоць у газэце правакацыйных матэрыялаў няшмат, то на сайце sokrsokr.net, які пазначаны ў шапцы папяровай вэрсіі, такіх артыкулаў болей.
Напрыклад, сайт, які павінен несьці Божае Слова людзям, папулярызаваць пратэстантызм у Расеі, якая пераважна праваслаўная, зьмяшчае ў сябе такую навіну: «Кіраўнік ЛНР вырашыў, што студэнты павінны вывучаць Біблію».
Акрамя згадкі пра кіраўніка самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі і яго «біблейскія» словы, сайт тэндэнцыйна ставіцца і да прэзыдэнта ЗША Барака Абамы. Пра жыцьцё амэрыканскіх пратэстантаў інфармацыі на сайце мала, а вось навіну пра тое, як кенійскія пастары заклікалі Абаму «не распаўсюджваць садамію» ў іхнай краіне, вынесьлі ў адзін з найважнейшых матэрыялаў сайту.
Мінулымі гадамі ў Воршы фіксаваліся іншыя выпадкі маніпуляваньня грамадзкай думкай з «дапамогай» рэлігіі. Напрыклад, у часы «памаранчавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне ў некаторых парафіях Рускай праваслаўнай царквы маліліся за здароўе Віктара Януковіча, які тады балятаваўся на прэзыдэнцкую пасаду.
Крыніца: Радыё Рацыя
https://viciebskspring.org/news/raspalvanne-vapozhasci/item/177-arshanskiya-adventysty-agenty-rasei#sigProId7378467988