Пятніца, 11 Красавік 2014

У Віцебску зноў раздавалі расейскія сьцяжкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На Прывакзальнай плошчы ў Віцебску група невядомых асобаў распаўсюджвала сярод мясцовых аўтамабілістаў дзяржаўныя расейскія сьцяжкі. Чалавек з заплечнікам прапаноўваў сымболіку суседняй дзяржавы кіроўцам, што спыніліся на сьветлафоры каля трамвайнага прыпынку на вуліцы Касманаўтаў.

Некаторыя аўтамабілісты, напрыклад кіроўца хуткай дапамогі, жадалі атрымаць сьцяжок і ўзмахам рукі самі запрашалі падысьці да іх валянтэра гэтай акцыі. На Прывакзальнай плошчы таксама было заўважана некалькі таксовак з расейскімі сьцягамі ў салёне.

Невядомы распаўсюднік, заўважыўшы, што яго здымаюць, вырашыў даведацца, чаму апынуўся ў цэнтры ўвагі. На пытаньне, навошта ён уручае беларускім кіроўцам сымболіку суседняе краіны, двухмэтровы дзяцюк знакамі паказаў, што не разумее пытаньня, бо зьяўляецца глуханямым. Напрыканцы незнаёмы ткнуў пальцам у сярэдзіну свайго ілба. Што ён хацеў гэтым сказаць, засталося невядома.

Пасьля гэтага валянтэр згарнуў тыя сьцяжкі, што засталіся, і сышоў у бок вакзалу, дзе яго чакалі паплечнікі па агульнай справе. Жвава перамовіўшыся на мігах і разьвітаўшыся, адзін з таварышаў рушыў у бок вуліцы Кірава. А двое іншых, з заплечнікамі, - пайшлі на вакзал. Іх гутарка адбывалася пры ўдзеле мясцовых таксістаў. У трыццаці мэтрах ад іх стаяла машына ДПС, што дзяжурыла на вакзале.

Гэта ўжо ня першы выпадак, калі ў Віцебску адбываюцца гэткія акцыі. У сакавіку фота зь дзьвюх акцыяў па раздачы расейскіх сьцяжкоў віцебскім кіроўцам зрабіў і выклаў у свой Фэйсбук праваабаронца Павал Левінаў. Адна з акцыяў адбывалася каля плошчы Перамогі ў сакавіку. Дзяўчына, якая ўручала расейскія трыкалёры ўладальнікам транспартных сродкаў, таксама рабіла выгляд, што не разумее ці ня чуе свайго суразмоўцу.

Крыніца: Народныя навіны Віцебска