Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці ў інтарэсах сябра прафсаюзу юрыста Валера Місьнікава і яго дачкі Тацьцяны Місьнікавай зьвярнуўся ў суд з грамадзянскім пазовам супраць «Белдзяржстраху». Аднак судзьдзя Чыгуначнага райсуду Віцебску Сьвятлана Варатынская вырашыла справу не на карысьць пазоўніка: згодна зь яе пастановай згаданае дзяржаўнае страхавое прадпрыемства можа не выконваць свае забавязаньні па доўгатэрміновым страхаваньні 1991 году.

Страйк прадпрымальнікаў, што гандлююць таварамі, на якія неабходная сертыфікацыя, праходзіць у Віцебску. На Смаленскім рынку зачынена каля 80% ралетных шапікаў, прыкладна столькі ж - на Паўднёвым, больш за палову - на Полацкім. Патрабаваньне - адмяніць сэртыфікацыю тавараў, якая прынясе прадпрымальнікам велізарныя страты і прымусіць многіх сысьці з дробнага бізнэсу.

27 чэрвеня па ўсёй Беларусі прайшоў папераджальны страйк індывідуальных прадпрымальнікаў, незадаволеных новымі ўмовамі гандлю ў рамках Мытнага зьвязу. У Віцебску страйк выйшаў ня дужа масавы: Полацкі рынак спыніў працу прыкладна на 40–50%, Паўднёвы і Смаленскі рынкі наогул працавалі цалкам.

Віцебскія прадпрымальнікі 1 ліпеня гатовыя спыніць працу і выплату падаткаў. Пра гэта заявіла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў “Разам” Ірына Яскевіч. Паводле яе слоў, у лісьце да Аляксандра Лукашэнкі ад імя індывідуальных прадпрымальнікаў гаворыцца пра немагчымасьць працаваць ва ўмовах тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу “Пра бясьпеку прадукцыі лёгкай прамысловасьці”. Ён набудзе моц 1 ліпеня.

На рынках і ў гандлёвых цэнтрах Віцебску 6 чэрвеня было бязьлюдна: прадпрымальнікі, якія гандлююць прамысловымі таварамі, ня выйшлі на працу. Гэтак яны пратэстуюць супраць патрабаваньняў тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу, які лічаць чарговым вымаганьнем грошай у дзяржаўны бюджэт. Сваю акцыю пратэсту віцебскія прадпрымальнікі называюць «аднадзённым папераджальным спыненьнем працы», але не выключаюць, што з 1 ліпеня працу давядзецца спыняць наогул.