Віцебскае абласное ўпраўленьне дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы з 23 сакавіка абсьледуе ўмовы працы i выкананьне патрабаваньняў заканадаўства на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу. За першы тыдзень месячніку дзяржінспэктары ў складзе мабільных груп праверылі 34 арганізацыі АПК, пры гэтым былі выяўленыя 262 парушэньні.
Сярод найбольш характэрных – допуск да працы сельгастэхнікі, якая не адпавядае патрабаваньням бясьпекі, і эксплёатацыя такога ж абсталяваньня (што зьвязана ў асноўным з адсутнасьцю ахоўных агароджаў на элемэнтах канструкцыі). У шэрагу прадпрыемстваў уязныя брамы не абсталяваныя прыладамі для фіксацыі іх у адкрытым становішчы, а рамонт тэхнікі ажыцьцяўляецца з парушэньнем элемэнтарных нормаў па ахове працы. Напрыклад, пад вывешаную тэхніку ўстаноўленыя драўляныя калодкі і сілікатныя блёкі.
У рэкамэндацыях па ліквідацыі выяўленых парушэньняў кіраўнікам арганізацыяў указвалася на адхіленьне ад працы 16 работнікаў, якія не прайшлі навучаньне, інструктаж, праверку ведаў і якія не выкарыстоўваюць ці не забясьпечаныя сродкамі індывідуальнай абароны. Усяго прапанавана прыпыніць працу 23 адзінак абсталяваньня, якое не адпавядае патрабаваньням бясьпекі, і забаронена 18 відаў работ. У райвыканкамы накіравана 7 інфармацыяў і яшчэ 2 – у пракуратуры.
Крыніца: БелТА