Чацвер, 21 Верасень 2023

Разбяраемся, якія змены з’явіліся ў Працоўным кодэксе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Паглядзелі, якія асноўныя перамены чакаюць працоўных беларусаў у выніку прыняцця новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса. Осноўныя змены набудуць моц 1 лютага 2024 года. 

Выплата заробку не радзей за 2 разы на месяц усім

Абноўлены кодэкс прадугледжвае выплату заробку не радзей за два разы на месяц усім работнікам, у тым ліку і тым, хто працуе па кантрактах, дзе прапісана выплата заробку адзін раз на месяц. Змены ў кантракт трэба будзе ўнесці да 1 студзеня 2024 года.

Адпускныя

Выплата адпускных мусіць адбывацца не пазней чым за 2 дні да пачатку адпачынку. Зараз гэтая норма будзе тычыцца толькі тых выпадкаў, калі работнік ідзе ў адпачынак згодна з графікам. У іншых выпадках, напрыклад, пры пераносе адпачынку, адпускныя павінны будуць выплачвацца са згоды работніка не пазней за 2 рабочыя дні ад дня пачатку адпачынку. У старой рэдакцыі адпускныя трэба было выплачваць не пазней чым за 2 дні да пачатку адпачынку без выключэнняў.

Правілы працы ў перадсвяточныя дні

У новай рэдакцыі замацавалі правілы скарачэння перадсвяточнага працоўнага дня для тых, хто працуе няпоўны працоўны дзень. Яго працягласць будзе скарачацца прапарцыйна колькасці гадзін няпоўнага працоўнага часу. Напрыклад, калі чалавек працуе на 0,5 стаўкі і яго працоўны дзень складае 4 гадзіны, то ў перадсвяточны дзень ён будзе працаваць на 30 хвілін менш.

Дазволяць працаваць без перапынку 

У абноўленым кодэксе не будзе нормы, згодна з якой тыя, хто працуе па нерэгулярным графіку, не могуць працаваць больш за 10 гадзін на працягу працоўнага дня. 

Таксама можна будзе не мець перапынку для адпачынку і харчавання, калі працоўны дзень не перавышае 4 гадзін. Апроч гэтага, за работнікам замацавалі права працаваць без перапынку на адпачынак і абед. Але магчыма гэта толькі па ўласным жаданні работніка.

Скарочаны працоўны дзень замест выхаднога

Шматдзетныя бацькі па ўзгадненні з наймальнікам змогуць скараціць працягласць штодзённай працы на адну гадзіну замест вызвалення ад працы на адзін дзень на тыдзень. Такое магчыма пры ўмове, што гэта не будзе перашкаджаць нармальнай працы арганізацыі.

З'явіцца новы від сацыяльнага адпачынку

Кодэкс будзе дапоўнены арт. 187, дзякуючы якому з'явіцца адпачынак для завяршэння работы над кваліфікацыйнай навуковай працай (дысертацыяй) на атрыманне вучонай ступені доктара навук. Максімальная працягласць такога адпачынку — 30 дзён. Даць такі адпачынак наймальнік абавязаны па жаданні работніка — аднаразова, з захаваннем сярэдняга заробку.

Наймальнік таксама будзе абавязаны даць работнікам адпачынак без захавання заработнай платы на час паступлення ва ўстановы адукацыі для атрымання навукова-арыентаванай адукацыі (аспірантуру). Працягласць адпачынку для паступлення можа складаць не болей за 12 каляндарных дзён.

Дыспансерызацыя ў працоўныя дні

У абноўленым законе замацавана права работнікаў праходзіць дыспансерызацыю ў арганізацыях аховы здароўя ў працоўныя дні. Пры праходжанні дыспансерызацыі работнікі будуць вызваляцца ад працы з захаваннем месца працы, пасады і сярэдняга заробку. Колькасць дзён будзе залежаць ад узросту супрацоўніка. 

Для людзей ва ўзросце да 40 гадоў — гэта 1 працоўны дзень раз на 3 гады. Для работнікаў 40+ — 1 працоўны дзень раз на год. Для пенсіянераў, што працуюць, і тым, каму да пенсіі засталося менш за 5 гадоў, — 2 працоўныя дні раз на год.

Азнаёміцца з поўным спісам змен і дапаўненняў у Працоўны кодэкс можна па спасылцы.