Пятніца, 05 Кастрычнік 2018

У Полацку рабочым забаранілі пікет

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Полацкі райвыканкам апавясьціў Свабодны прафсаюз працоўных заводу «Шкловалакно» пра забарону масавага мерапрыемства. Празь пікет сябры прафсаюзу мелі намер інфармаваць грамадзян пра Сусьветны дзень дзеяньняў за годную працу 7 кастрычніка і заявіць патрабаваньне рабочых.

Заяўка Свабоднага прафсаюзу на пікет падавалася ў Полацкі райвыканкам. У заяўцы пазначалася, што ўдзельнікі імпрэзы выступяць з патрабаваньнем:

  • адмяніць сыстэму кароткатэрміновых працоўных кантрактаў;
  • ня ўносіць у Працоўны кодэкс нормы аб часовых працоўных кантрактах;
  • спыніць дыскрымінацыю рабочых ААТ «Полацак-Шкловалакно» за ўдзел у Свабодным прафсаюзе Беларускім.

Ліст Полацкага райвыканкаму з адмовай работнікам праводзіць масавае мерапрыемства падпісаны намесьнікам старшыні па сацыяльных пытаньнях Пяткевіч Пятром Мяфодзьевічам. Тэкст ліста рыхтавала начальніца аддзелу ідэалягічнай работы і па справах моладзі Ганебная Натальля Ўладзімераўна.

Фармальнай прычынай адмовы названае тое, што заяўнікамі «ня выкананыя патрабаваньні пункту 3 Рашэньня Полацкага райвыканкаму ад 15.03.2013 году...» Гэтым пунктам мясцовыя ўлады абавязваюць арганізатараў масавага мерапрыемства, «калі арганізацыя масавага мерапрыемства адбываецца без удзелу органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня», далучаць да заяўкі дамовы зь міліцыяй, мэдыкамі і камунальнікамі па абслугоўваньні імпрэзы.

Распавядаюць прафсаюзныя актывісты: «Праз гэтае патрабаваньне ўладаў у Полацку за апошнія два гады без удзелу мясцовых уладаў не праводзілася ніводнага масавага мерапрыемства. Такую інфармацыю паведаміла начальніца ідэалягічнага аддзелу Натальля Ганебная. Апошні дазволены ўладамі пікет Свабоднага прафсаюзу ладзіўся 7 кастрычніка 2010 году на Сусьветны дзень дзеяньняў за годную працу».

У заяўцы на пікет Свабодны прафсаюз паведамляў пра свае забавязаньні па падтрыманьні парадку на пікеце, прыбіраньні тэрыторыі і аказаньні першай мэдычнай дапамогі ў выпадку неабходнасьці. «У паслугах ЖКГ, міліцыі і мэдыцыны ня маем патрэбы», – пазначана ў заяўцы.

Начальніца ідэалягічнага аддзелу прапануе рабочым заводу пацярпець да Новага году: маўляў, закон аб масавых мерапрыемствах зьменіцца, і можна будзе праводзіць пікет паводле заяўнага прынцыпу без узгадненьня зь мясцовымі ўладамі.

Аляксандар Марозаў