Серада, 23 Лістапад 2016

На Наваполацкай ЦЭЦ з вышкі сарваўся рабочы. Мужчына памёр у шпіталі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Няшчасны выпадак адбыўся ў Наваполацку. 11 лістапада супрацоўнікі сталічнай арганізацыі, якая праводзіла работы на тэрыторыі ЦЭЦ, зваліўся з вышыні і атрымаў цяжкія траўмы. Праз тыдзень мужчына памёр у шпіталі.

Мужчына выконваў будаўніча-мантажныя работы на ўчастку і сарваўся ўніз падчас спуску з вышкі. Паводле слоў намесьніка начальніка Полацкага міжраённага аддзелу дзяржаўнай інспэкцыі працы Аляксандра Жыня, работнік спускаўся на абедзенны перапынак, калі адбыўся няшчасны выпадак.

– Мужчына атрымаў цяжкія траўмы хрыбетніка, удар грудной клеткі, закрытую чэрапна-мазгавую траўму. У выніку праз тыдзень ад атрыманых траўмаў ён памёр, – растлумачыў Аляксандар Жынь. – Мы праводзім спэцрасьсьледаваньне для высьвятленьня магчымага парушэньня правілаў тэхнікі бясьпекі самім загінулым і службовымі асобамі, затым перадамо сваё заключэньне ў Сьледчы камітэт.

Сьледчы камітэт таксама праводзіць праверку, каб выявіць, ці ёсьць склад злачынства ў гэтым выпадку, і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

У Наваполацку ў бягучым годзе зафіксавана шэсьць выпадкаў траўмаваньня работнікаў, якія мелі цяжкія наступствы для здароўя. Палова зь іх зафіксавана ў арганізацыях прыватнай формы ўласнасьці. Па некаторых завершаныя расьсьледаваньні, высьветленыя прычыны і вінаватыя.

У двух выпадках ёсьць парушэньні з боку службовых асоб наймальніка, што да арганізацыі бясьпечных умоваў правядзеньня работ, у двух маюцца парушэньні правілаў аховы працы работнікамі.

Апошні выпадак цяжкага траўмаваньня ў Наваполацку зафіксаваны на прадпрыемстве «Наваполацакводаканал». Работнік упаў, перасоўваючыся па роўнай паверхні, і атрымаў траўму галавы. Праводзіцца праверка.

gorod214.by