Патрабаваньні дырэктара Андрэя Бунакова пра закрыцьцё прафсаюзу, накіраваныя ў Полацкі райвыканкам і пракуратуру, былі перанакіраваныя ў Свабодны прафсаюз Беларускі. Старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў паведаміў гендырэктару, што пяршоўку СПБ на заводзе «Шкловалакно» закрываць няма ніякіх падстаў. Таксама СПБ папярэдзіў дырэктара пра недапушчальнасьць умяшаньня ў дзейнасьць Свабоднага прафсаюзу.
ГРУБАЕ ЎМЯШАНЬНЕ
У адказе Свабоднага прафсаюзу Беларускага дырэктару Бунакову паведамляецца: «Вашы звароты ў рэгіструючы орган і пракуратуру з ініцыяваньнем зьняцьця з уліку першаснай арганізацыі СПБ ААТ «Полацак-Шкловалакно» зьяўляюцца грубым і неабгрунтаваным умяшаньнем у дзейнасьць прафсаюзу, што супярэчыць прыведзеным вышэй міжнародным і нацыянальным прававым нормам. Настойліва раім вам выбудоўваць стасункі зь першаснай арганізацыяй СПБ на прынцыпах сацыяльнага партнэрства і ўзаемапавагі».
РАЙВЫКАНКАМ – ЗА РАБОЧЫХ
Першапачаткова з патрабаваньнем зьняць з рэгістрацыі пяршоўку СПБ на прадпрыемстве кіраўніцтва ААТ зьвярнулася ў Полацкі райвыканкам 17 чэрвеня 2016 году. Першы намесьнік старшыні райвыканкаму С.Д. Лейчанка адказаў дырэктару, што без рашэньня цэнтральнага офісу СПБ закрыць заводзкую пяршоўку няма магчымасьці. І перанакіраваў ліст Бунакова ў Менскі офіс СПБ для рэагаваньня.
НЯСТОМНАЯ ДЫРЭКЦЫЯ ЗАВОДУ «ШКЛОВАЛАКНО»
Дырэкцыя прадпрыемства, не дачакаўшыся адказу ад Свабоднага прафсаюзу, накіравала скаргу ў пракуратуру Полацку з патрабаваньнем «па зьняцьці з арганізацыйнага ўліку першаснай арганізацыі працаўнікоў ААТ «Полацак-Шкловалакно» Свабоднага прафсаюзу Беларускага».
У лісьце ў пракуратуру, якое падпісаў в.а. генэральнага дырэктара Р.П. Блізьнёў гаворыцца: «У сувязі з выкладзенымі фактамі парушэньня заканадаўства СПБ прашу прыняць адпаведныя меры рэагаваньня згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь», у тым ліку па зьняцьці з арганізацыйнага ўліку першаснай арганізацыі працаўнікоў ААТ «Полацак-Шкловалакно» Свабоднага прафсаюзу Беларускага ў адпаведнасьці з заканадаўствам, а таксама па законнасьці выкарыстаньня фiрменнай назвы акцыянэрнага таварыства».
ПРАФСАЮЗ ЗАКОНАЎ НЕ ПАРУШАЕ
Аднак пракурор Полацкага раёну старшы дарадца юстыцыі С.А. Трошка ня ўгледзеў у дзеяньнях прафсаюзнай пяршоўкі парушэньняў заканадаўства. Гэтаксама, як і полацкі райвыканкам, пракурор перанакіраваў ліст ААТ «Полацак-Шкловалакно» ў менскі офіс СПБ.
ДЗЕЙНІЧАЕ Ў АДПАВЕДНАСЬЦІ З ЗАКОНАМ
У адказ дырэктару Свабодны прафсаюз паведаміў: «Першасная арганізацыя работнікаў ААТ «Полацак-Шкловалакно» Свабоднага прафсаюзу Беларускага (далей СПБ) створаная і дзейнічае ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам і Статутам СПБ. У першасную арганізацыю СПБ уваходзіць дастатковая колькасьць работнікаў ААТ «Полацак-Шкловалакно» для статутнай дзейнасьці гэтай арганізацыі. Падкрэсьліваем, што ў адпаведнасьці з ратыфікаванай Беларусьсю канвэнцыяй МАП 87 і ч.2 арт.З Закону аб прафсаюзах «Прафсаюзы самастойна арганізуюць сваю дзейнасьць». Арганізацыі працаўнікоў і прадпрымальнікаў мусяць карыстацца адпаведнай абаронай супраць любых актаў умяшаньня з боку адно аднаго або з боку іх агентаў ці чальцоў у стварэньне і дзейнасьць арганізацыяў і кіраваньне імі (п. 1 арт. 2 Канвэнцыі 98 МАП)».
Такім чынам, нягледзячы на зробленыя адміністрацыяй прадпрыемства спробы закрыць прафсаюзную арганізацыю, пяршоўка Свабоднага прафсаюзу далей дзейнічае на ААТ «Полацак-Шкловалакно».
Аляксандар Марозаў