Спэцыяліст падкрэсьліла, што ў цяперашні час усё яшчэ даводзіцца казаць пра наяўнасьць дысбалянсу паміж колькасьцю беспрацоўных і колькасьцю вольных працоўных месцаў, але прысутнічае і зьмена гэтага вэктару. Так, сёньня на 120 заявак на працу ад наймальнікаў прэтэндуюць 170 асоб. Столькі чалавек, уласна, і стаяць на ўліку. На працягу чатырох месяцаў 2016 году ў органы па працы, занятасьці і сацабароне прыйшлі 276 грамадзян, зь якіх 170 атрымалі афіцыйны статус беспрацоўных.
Адной зь нестыковак попыту і прапановы на рынку працы Васіленка назвала тое, што далёка ня ўсіх беспрацоўных можна назваць людзьмі высокакваліфікаванымі, а час цяпер такі, калі найбольш запатрабаванымі на працоўным рынку якраз і ёсьць кваліфікаваныя спэцыялісты – рабочыя, кіроўцы, інжынэры, лекары і г.д.
За чатырохмесячны пэрыяд было аказанае садзейнічаньне ва ўладкаваньні на працу 72 асобам, зь якіх 67 – беспрацоўныя. Акрамя таго, ад органу па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне можна атрымаць дапамогу ў выглядзе субсыдыяў, каб арганізаваць сваю прадпрымальніцкую дзейнасьць. Сёлета ўжо выдадзена 6 такіх своеасаблівых грантаў (на цырульню, рамесьніцкую дзейнасьць, гандаль былымі ва ўжытку рэчамі), агульная сума якіх склала 160 мільёнаў рублёў.
Тамара Васіленка адзначыла, што іх сацыяльны орган займаецца ня толькі працаўладкаваньнем, але і падрыхтоўкай і перакваліфікацыяй спэцыялістаў. Праўда, дадала, што апошнім часам працэс у гэтым напрамку ідзе некалькі павольней праз выхад на электронную прастору. У плянах на 2016 год – падрыхтоўка 25 спэцыялістаў зь ліку беспрацоўных па такіх працоўных спэцыяльнасьцях, як кухар, электрык, электрагазазваршчык і інш.
Акрамя пералічанага, у абавязковым парадку – падрыхтоўка кадраў на заказ прадпрыемстваў і арганізацыяў.