Аўторак, 24 Верасень 2024

25 верасня пройдуць акцыі салідарнасці з Алесем Бяляцкім

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сёлета 25 верасня лідару праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму спаўняецца 62 гады. Свой дзень народзінаў ён ізноў сустракае ў зняволенні. Раней ён ужо быў вязнем уладаў за сваю праваабарончую і грамадскую дзейнасць - з 2011 па 2014 год. У ліпені 2021 года яго зноў затрымалі — і з таго часу ён прайшоў праз следчы ізалятар і суд, які прысудзіў яму 10 гадоў пазбаўлення волі. Алесь Бяляцкі адбывае свой тэрмін у папраўчай калоніі №9 у г. Горкі, куды накіроўваюць «рэцыдывістаў».

За значны ўнёсак у змаганне за правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасці Алесь Бяляцкі ў 2022 годзе быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру. Ён стаў другім лаўрэатам гэтай прэміі з Еўропы, хто атрымаў яе, знаходзячыся за кратамі. Першым быў Карл фон Асецкі ў 1935 годзе, які быў ворагам нацысцкай Германіі.

Сябры ПЦ «Вясна» лічаць сваім абавязкам нагадаць пра тое, што зараз ў цэнтры Еўропы ў жахлівых умовах калоніі , пакараны за свае перакананні і абарону правоў чалавека, пакутуе  лаўрэат Нобелеўскай прэміі.

З гэтай нагоды ладзяцца акцыі салідарнасці «Выратуйце Алеся Бяляцкага»Арганізатары запрашаюць усіх ахвотных далучыцца і выказаць салідарнасць са зняволеным лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

Вільня, 25 верасня а 14:00. Месца правядзення — Naugarduko, 7 (мурал Алеся Бяляцкага), побач з амбасадай Рэспублікі Беларусь у Літве.

Варшава, 25 верасня а 18:00. Месца правядзення — Plac Konstytucji, каля будынка з адрасам Plac Konstytucji, 6.

Брусэль, 25 верасня а 15:30. Месца правядзення — Амбасада Беларусі, Av. Molière 192