“З нагоды маёй заявы пра бясьпечныя ўмовы ўтрыманьня, па інцыдэнце ў ноч пасьля візыту адваката: мне іх ніхто не забясьпечыў…. Выклікаў толькі апэратыўнік, пацікавіўся “Як справы?” і паведаміў, што староньніх на тэрыторыі папраўчай калёніі быць не магло. Але ж камэра відэаназіраньня ўсё пісала…”
Відавочна, заснавальнік “Платформ Інавэйшан” Міхаіл Жамчужны пра гэтае здарэньне пісаў больш падрабязна ў ранейшым лісьце, аднак карэспандэнцыя на волю не дайшла.
Тацяна Равяка, непакоячыся за бясьпеку палітвязьня, зьвярнулася са зваротам да начальніка Ўпраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Менску і Менскай вобласьці, у якім паведаміла пра тое, што ў ноч з 23 на 24 студзеня 2017 году з М. Жамчужным адбыўся нейкі інцыдэнт, у выніку якога зьняволены быў вымушаны зьвярнуцца з заявай аб бясьпечных умовах утрыманьня:
“Сутнасьць таго, што адбылося з М. Жамчужным мне невядомая, паколькі ліст ад 25 студзеня 2017 году, адрасаваны мне Жамчужным, у якім утрымлівалася інфармацыя пра гэты інцыдэнт, мной ня быў атрыманы. Пра канфіскацыю гэтага ліста зь лтіставаньня Жамчужны адміністрацыяй калёніі інфармаваны не быў. У забесьпячэньні бясьпечных умоў утрыманьня М. Жамчужнаму было адмоўлена”.
Праваабаронца просіць правесьці праверку інцыдэнту, які адбыўся з М. Жамчужным у ноч з 23 на 24 студзеня 2017 году ў ПК-14, абавязаць адміністрацыю калёніі забясьпечыць бясьпечныя ўмовы ўтрыманьня, якія б не пагражалі ягонаму жыцьцю і здароўю, а таксама правесьці праверку законнасьці дзеяньняў адміністрацыі ПК-14 па канфіскацыі карэспандэнцыі зьняволенага і карэспандэнцыі, якая накіроўваецца гэтаму вязьню.
Цягам найбліжэйшага часу павінен адбыцца суд па зьмене рэжыму ўтрыманьня Міхаілу Жамчужнаму: яму пагражае накіраваньне ў турму тэрмінам на 3 гады.
Заснавальнік “Платформ Інавэйшан” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш суворае пакараньне – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч. 5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторваньні да наўмыснага разгалошваньня зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, у тым ліку – паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным вязьнем.