Пракуратура разгледзела зварот Ігара Пастнова адносна фактаў прадузятага і недалікатнага стаўленьня з боку адміністрацыі папраўчай калёніі да вязьня. У выніку праверкі ніякіх законных падставаў для прымяненьня мер пракурорскага нагляду яна не знайшла.
Як вынікае з адказу намесьніка пракурора Магілёўскай вобласьці Сяргея Сільвановіча, адміністрацыя ПК-15 дзейнічае строга ў рамках існуючага заканадаўства і правілаў унутранага распарадку папраўчых установаў. А вось асуджаны Сяргей Рыжоў за восем месяцаў знаходжаньня ў калёніі прымудрыўся атрымаць трынаццаць спагнаньняў. Акрамя таго, гутаркі, папярэджаньні пра адказнасьць, тлумачэньні заканадаўства супрацоўнікамі адміністрацыі зьняволены чамусьці ўспрымае як пагрозы ў свой адрас.
Высьветлілася, што тыповымі парушэньнямі з боку палітыка зьяўляюцца невыкананьне распарадку дня, парушэньне формы адзеньня, адмова ад прыборкі памяшканьняў і тэрыторыі... Далей – больш: Сяргей Рыжоў, аказваецца, грубіяніць супрацоўнікам адміністрацыі, прычыняе маёмасную шкоду калёніі, мае зносіны з асуджанымі, якія ўтрымліваюцца ізалявана. А вось фізычнай сілы і спэцыяльных сродкаў у дачыненьні да злоснага парушальніка супрацоўнікі папраўчай калёніі ні разу не ўжывалі. Усе факты парушэньняў строга задакумэнтаваныя, і рапарты далучаюцца.
У розныя дзяржаўныя органы, грамадзкія арганізацыі і сродкі масавай інфармацыі зьняволеным накіраваныя пяцьдзясят зваротаў. Родным i iншым асобам напісаныя 52 лісты, 36 зь якіх адрасаты атрымалі. Зыходзячы з гэтага факту, старшы радца юстыцыі Сяргей Сільвановіч робіць выснову, што сьцьверджаньне пра ненакіраваньне адрасатам лістоў зьняволенага не адпавядае рэчаіснасьці. Не выявіла праверка і фактаў прадузятага стаўленьня да Рыжова з боку адміністрацыі калёніі.
Калі верыць пракурорскаму работніку, з умовамі ўтрыманьня палітыка ў Магілёўскай калёніі усё нармальна. Аднак быць абсалютна ўпэўненым у дакладнасьці атрыманай інфармацыі немагчыма. Бо ў Рэспубліцы Беларусь праца пэнітэнцыярнай сыстэмы непразрыстая. Грамадзкасьць і існуючыя ў краіне праваабарончыя арганізацыі, па сутнасьці, адхіленыя дзяржавай ад любога кшталту кантролю за тым, што адбываецца па той бок калючага дроту.
С. Горкі