Чацвер, 19 Сакавік 2020

Таварыства «Правы для ўсіх» вылучыла Паўла Левінава ў склад назіральнай камісіі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Праваабаронца Павал Левінаў Праваабаронца Павал Левінаў

Простае таварыства «Грамадзкі камітэт упаўнаважаных па правах чалавека «Правы для ўсіх» просіць уключыць праваабаронцу Паўла Левінава ў склад Віцебскай абласной грамадзкай назіральнай камісіі. Ягоную кандыдатуру таварыства зацьвердзіла 9 сакавіка 2020 году.

Заяўку з просьбай зацьвердзіць кандыдатуру Паўла Левінава ў склад Віцебскай абласной грамадзкай назіральнай камісіі таварыства накіравала на адрас Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму. Упраўленьне юстыцыі мусіць прыняць рашэньне наконт кандыдатуры цягам 30 дзён.

Чым займаюцца грамадзкія назіральныя камісіі

Паводле Пастановы Савету Міністраў ад 15 верасьня 2006 году № 1220, сябрамі назіральнай камісіі могуць быць грамадзяне Беларусі ў веку ад 25 гадоў – прадстаўнікі зарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, якія маюць на мэце абарону правоў грамадзян, у тым ліку – асуджаных.

Камісіі ствараюцца ў складзе ад 3 да 11 чалавек.

Асноўнай функцыяй назіральнай камісіі ёсьць грамадзкі кантроль за дзейнасьцю органаў і ўстановаў, якія выконваюць пакараньне ды іншыя меры крымінальнай адказнасьці.

Паводле заканадаўства, сябры камісіі маюць права наведваць памяшканьні гэтых органаў і ўстановаў, размаўляць з асобамі, зьмешчанымі ва ўстановах (зь іх згоды і ў прысутнасьці прадстаўніка адміністрацыі), зьвяртацца да начальнікаў ды іншых службовых асобаў. Але пры ажыцьцяўленьні кантролю ім забараняецца рабіць фота- і відэаздымкі, аўдыёзапісы, знаёміцца з матэрыяламі апэратыўна-службовай дзейнасьці і асабістымі справамі асуджаных. Забаронены таксама доступ да інжынэрна-тэхнічных сродкаў аховы і нагляду за асуджанымі.

Хто ўваходзіць у склад абласной камісіі?

Колькі чалавек і хто канкрэтна ўваходзіць зараз у склад Віцебскай абласной грамадзкай назіральнай камісіі – гэтай інфармацыі на афіцыйным сайце ўпраўленьня юстыцыі няма.

Адно даведаліся, што сябрам камісіі зьяўляецца былы першы намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму, а цяпер – старшыня гарадзкой арганізацыі «Беларускі фонд міру» Уладзімер Каташук.

Левінаў: Я паспрыяў бы адкрытасьці

Праваабаронца Павал Левінаў упэўнены, што, «пакуль у складзе абласной камісіі няма прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, мы зусім ня будзем ведаць, што творыцца ў той ці іншай калёніі».

Як праваабаронца больш чым з 20-гадовым стажам і досьведам маніторынгу месцаў пазбаўленьня волі ў Нямеччыне, Украіне і Ізраілю, Левінаў запэўнівае, што ягоны ўдзел у працы абласной назіральнай камісіі мог бы спрыяць адкрытасьці і празрыстасьці інфармацыі, датычнай да ўтрыманьня асуджаных у папраўчых установах Віцебскай вобласьці.

«Узяць хаця б пандэмію каронавірусу. Барані бог, успышка здарыцца там, у месцах пазбаўленьня волі – мы ж ведаем, якое там мэдычнае забесьпячэньне. Але нам невядома, напрыклад, ці Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў зрабіў якія захады, каб не перамяшчаць у гэты пэрыяд зьняволеных з адной калёніі ў іншую, ці абмежаваў іх перамяшчэньні паміж атрадамі і г.д. Калі ў камісіі будзе прадстаўнік грамадзянскай супольнасьці, пра гэта можна будзе казаць і даваць нейкія рэкамэндацыі», – дадаў праваабаронца.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.