Аўторак, 07 Студзень 2020

Зьняволены аршанскай калёніі стаў пераможцам конкурсу праваслаўнага іканапісу

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Фота: church.by Фота: church.by

Зьняволены папраўчай калёніі №8 Воршы перамог у конкурсе праваслаўнага іканапісу «Канон», які праходзіў у Маскве. Пра гэта паведаміў старшыня Сынадальнага аддзелу турэмнага служэньня Беларускай праваслаўнай царквы сьвятар Георгі Лапухоў, які браў удзел у выніковым паседжаньні аргкамітэту конкурсу.

Конкурс «Канон» ладзіцца ў межах агляду рэлігійнай дзейнасьці «Ня лікам, а пакорай» сярод асобаў, якія адбываюць пакараньні ў месцах пазбаўленьня і абмежаваньня волі. Творы іканапісу дасылалі на конкурс з турмаў Расеі, Казахстану і Беларусі, паведамляе афіцыйны партал БПЦ.

Выніковае паседжаньне прайшло ў Маскве. Аргкамітэт разгледзеў абразы, якія перамаглі на першым этапе конкурсу, і прысудзіў першае месца 1-й ступені твору зьняволенага папраўчай калёніі №8 гораду Воршы. Асуджанаму нададзенае званьне ляўрэата агляду рэлігійнай дзейнасьці асуджаных «Ня лікам, а пакорай» па Беларусі.

Паведамляецца, што ў якасьці ўзнагароды пераможца атрымае «блаславёную грамату Сынадальнага аддзелу Рускай праваслаўнай царквы па турэмным служэньні».

Прозьвішча пераможцы не называецца.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.