Бацькі палітвязьня, Валянціна і Ўладзімер, атрымалі спатканьне з сынам, які нядаўна сустрэў свой чацьвёрты дзень народзінаў у турме. Спатканьне доўжылася паўтары гадзіны - праз шкло і тэлефон. Ранейшае спатканьне адбылося яшчэ ў чэрвені. Маці палітвязьня распавяла, як ён трымаецца і ў якіх умовах яго ўтрымліваюць.
- Агульнае ўражаньне - па-першае, радасьць ад таго, што ён жывы, а па-другое, пачуцьцё, што сорамна расслабляцца і ламаць рукі і пакутаваць, калі ў нас яшчэ ёсьць такія мужчыны як ён. Мне пашанцавала, што я аказалася ягонай маці. Я проста глядзела на яго і дзівілася: ён абсалютна спакойны і глядзіць на ўсё гэта нават зь нейкім гумарам.
Вядома, усё, што зь імі робяць - гэта страшна. Мне часам задаюць такія пытаньні накшталт: «А дзе сядзяць усе нашы палітвязьні?». Людзі думаюць, што для іх створана спэцыяльнае месца, дзе яны камфортна жывуць і знаходзяцца ўсе разам. Я хачу сказаць, што нават за савецкімі часамі палітычных трымалі ў адным лягеры, і такіх вось зьдзекаў як парушэньне гуманных умоў утрыманьня, як гэта адбываецца цяпер, я ня памятаю.
Цяпер кожны сядзіць асобна - або ў калёніі, або ў турме. Калі ў калёніі, дык над кожным вісіць пагроза таго, што ў кожны момант умовы могуць стаць больш жорсткімі і ператворацца ў сапраўднае пекла абсалютна без усялякіх на тое падстаў.
Справа ня толькі ў Ігару. Усе тыя, хто нядаўна выйшаў са зьняволеньня, - тыя ж Севярынец, Дашкевіч, Аўтуховіч - яны, нягледзячы на тое, што зь імі твораць, ня падаюць духам. Зь імі калі пагутарыш, такое ўражаньне, як быццам жывой вады глытнеш. Гэта сапраўды сьветлыя людзі. Ігар ніякіх выклікаў сыстэме ня кідае - ён проста захоўвае спакой. І успамінаючы гісторыю - Хадаркоўскага, Салжаніцына - я бачу, што адны і тыя ж умовы могуць чалавека зламаць, а могуць наадварот зрабіць чалавека лепш.
- Як Ігар перажыў 30 дзён у камэры-адзіночцы?
- Я ў яго пытаюся: «Ігар, ну як жа так, трыццаць дзён у адзіночцы, бяз кніг, без паперы і асадкі, наогул безь нічога!». Там жа было так: ложак, на якім ён сьпіць, а 5-й раніцы падымаецца і ты ня можаш больш легчы, гэта значыць проста ня можаш выспацца, таму што класьціся забаронена - гэта парушэньне правілаў. А ён адказвае: «Нічога, так нават лепш. Няма магчымасьці расслабіцца. Я шмат пра што перадумаў». Я пытаюся ў яго: «А што ты рабіў?». А ён адказвае: «Часта ізаляцыя - наадварот нават добра для таго, каб упарадкаваць думкі і абдумаць важныя ў жыцьці рэчы». Вершы чытаў, кажа. Пыталася ў яго, ці абдумвае ён сюжэт новай кнігі, але ён сказаў, што ўсё, што ён хацеў напісаць на гэтую тэму, ужо напісаў у кнізе «Еду ў Магадан».
- Што яго радуе і падтрымлівае ў гэты цяжкі час?
- Два гады таму нам перадалі ад колішніх польскіх палітвязьняў доўгі цёплы шалік. І Ігар хаця і ня ведаў, што гэта за шалік, а адразу павесіў сабе на плечы, і зь любоўю яго пагладжваў. А я яму кажу: «А ты ведаеш, хто табе яго перадаў?». І ён калі даведаўся, вельмі ўсьцешыўся: для яго салідарнасьць людзей вельмі шмат значыць. Цяпер ён зноў быў у гэтым шаліку, ён для яго проста нейкі талісман цяпер. Я нават ня ведаю, што за людзі перадалі яму тады шалік, але, магчыма, яны шануюць тут тое, што гэтая рэч трапіла па прызначэньні і сапраўды адыгрывае сваю ролю, грэючы яго і фізычна, і душэўна у гэты халодны час.
- Вы не баяліся, што спатканьне сарвецца?
- Калі мы ехалі, мы ня ведалі, дадуць нам спатканьне ці не. Рашэньне магло быць адмененае ў кожную хвіліну.
- Ці атрымалася ў вас перадаць яму нейкія цёплыя рэчы і прадукты?
- Мы завезьлі яму і прадуктовую, і рэчавую перадачу. З тых часоў, як яго перавялі ў іншую калёнію, ён нават ня меў прадметаў гігіены - іх папросту не давалі. Дзіўна, што не ўзялі тэпцікі і тазік. Але ў кожнай калёніі - свае правілы.
- Што кажа Ігар пра ўмовы ўтрыманьня ў калёніі?
- Ён кажа, што ў іхнай калёніі рэжым з кожным днём становіцца больш жорсткім. Ня толькі ў дачыненьні да яго, а наогул. Нават для таго, каб патэлефанаваць - а яму за паўгода далі толькі адно тэлефанаваньне - зараз трэба пісаць заяву, зьбіраць подпісы і гэтак далей. Як ён казаў у сваёй кнізе: мінулага ўжо няма, будучыня прывідная, а ёсьць толькі тут і цяпер. Для нас гэтае спатканьне было тут і цяпер, і гэта была вялікая радасьць, што мы ўбачылі яго жывым і здаровым.
Нагадаем, 27 траўня 2011 году судзьдзя Заводзкага раёну Менску Жанна Хвайніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён адбывае пакараньне ў Віцебскай калёніі. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсьця каля будынку Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсьціна, а таксама падпале дзьвярэй філіялу «Беларусбанку».
Паводле charter97.org і svaboda.org