Аўторак, 24 Люты 2026

Лецішча наваполацкага актывіста Андрэя Зуева так і не прадалі. Цяпер кошт зніжаны ў 5 разоў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Aбвесткі  пра продаж з аўкцыёну дзвюх доляў у садовым доміку ў СТ «Хімік-1» каля  Наваполацка з’явіліся на сайце «БелЮрЗабеспячэння» ў жніўні мінулага году. Поводле інфармацыі на сайце гандлёвай пляцоўкі, адна палова  пабудовы належыць актывісту Андрэю Зуеву, другая - ягонай жонцы Таццяне. У 2024 годзе  Андрэй Зуеў быў завочна асуджаны да 7 з паловай гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму  і да вялікіх матэрыяльных выплат. Зараз ён жыве ў вымушанай эміграцыі.


Кожная з двух доляў па 15,9 кв.м першапачаткова была выстаўлена на аўкцыён за 2800 рублёў. За мінулыя 7 месяцаў маёмасць актывіста так і не прадалі, і цяпер яе кошт зніжаны амаль у 5 разоў: цяпер кожная доля каштуе 560 рублёў, і агульны кошт лецішча склаў 1120 рублёў.

Гэтай сумы аніяк не хопіць, каб пагасіць прысуджаныя Андрэ. Зуеву выплаты. Паводле прысуду , мужчына абавязаны выплаціць 8 тысяч рублёў штрафа на карысць дзяржавы і яшчэ 2 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды міліцыянту Сяргею Салаўю.

Віцебскі абласны суд разбіраў  справу Андрэя Зуева ў парадку спецвытворчасці і пастанавіў, што жыхар Наваполацка вінаваты паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

 - арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці іншай варожасці)

 - арт. 293 (навучанне або падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках)

 - арт. 361-1 ( стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім)

 - арт.369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Андрэй Зуеў – былы сябар «Народнай Грамады», бацька 4 дзяцей, удзельнік сустрэч з Сяргеем Ціханоўскім. Увесну 2020 г. яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці нібыта «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» - за ўдзел у гутарцы з блогерам, дзе ён раскрытыкаваў сістэму кіравання Аляксандра Лукашэнкі і дзейнасць урада. Улетку 2020г. Зуева зноў судзілі па тым самым артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах.

Ганна Грамыка