Панядзелак, 30 Снежань 2024

Палітвязня Аляксандра Камлёнка накіравалі адбываць пакаранне ў ПК 22 у Івацэвічах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як стала вядома праваабаронцам, ён знаходзіцца там з 11 лістапада. Сёлета ў жніўні жыхар Оршы быў асуджаны Віцебскім абласным судом да трох гадоў зняволення паводле ч.1 арт. 368 КК (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і ч.1 арт. 361-2 КК( Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання).

29 кастрычніка адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі асуджанага ў Вярхоўным судзе. Першапачаткова мужчыну вінавацілі яшчэ і паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), але ў канчатковым выраку гэты артыкул ужо не фігуруе. Гэта стала вядома пасля таго, як 16 лістапада імя і прозвішча Аляксандра Камлёнка з'явілася ў пераліку асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», на сайце МУС.

Аляксандр Камлёнак быў затрыманы сёлета ў лютым, калі вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы: ён кіолўцам- дальнабойнікам у заходніх краінах. Раней Аляксандр працаваў у лакаматыўным дэпо, але пасля 2020 года быў або звольнены, або сам звольніўся — падобна, што звальненне было палітычна матываваным.

17 траўня суд Верхнядзвінскага раёна прызнаў старонку Аляксандра ў "Аднакласніках" "экстрэмісцкай".

Іван Чайка