Нядзеля, 17 Лістапад 2024

26 лістапада ў Віцебскім абласным судзе будуць разбіраць справу палітвязня Іосіфа Дулебы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Калісьці ён быў адным з першых кіраўнікоў Віцебскай гарадской арганізацыі БНФ. Але адышоў ад партыйнай дзейнасці ў 2000-х. Цяпер 56-гадовага мужчыну вінавацяць за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні: яго прозвішча двойчы фігуруе ў "эстрэмісцкім спісе" МУС.

У спісе асобаў, «датычных да дзейнасці экстрэмісцкіх фармаванняў», Іосіф Дулеба згадваецца як удзельнік праектаў " FreeInfoBel" і «Білорусь 2.0 Робімо Разам».

Крымінальную справу, распачатую супраць Язэпа (Іосіфа) Дулебы паводле ч. 3 арт. 361-1 КК, 26 лістапада будзе разбіраць суддзя Яўгун Буруноў.

Язэп Дулеба быў затрыманы сёлета 7 траўня, спачатку яго асудзілі на 15 сутак за падпіскі на так званыя экстрэмісцкія інфармацыйныя рэсурсы ў сацыяльных сетках, потым перавялі ў СІЗА. Дома ў Язэпа Дулебы правялі ператрус, забралі аргтэхніку. Паводле звестак ад тых, хто адбываў з ім адміністрацыйнае пакаранне, найперш яго асудзілі паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП, а пазней прад'явілі крымінальнае абвінавачванне, звязанае з удзелам у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання.

Вядома, што пасля падзеяў 2020г. Язэп Дулеба на некаторы час з'язджаў ва Ўкраіну, але потым вярнуўся ў Беларусь, хаця сябры яму гэтага не раілі.

17 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным зняволеным.

Алег Міхайлаў