Пра літаратурныя планы Кузнечыкаў распавёў «Народнай Волі» іх абаронца Вадзім Драздоў. Абаронца падкрэсліў, што новы статус уцекачоў дае магчымасць атрымаць дакументы, якія дазваляюць працаваць і перасоўвацца па Еўропе. Таму не выключана, што з часам яны з’едуць у іншую краіну, калі палічаць гэта неабходным.
Уцёкі Віталя і Уладзіслава Кузнечыкаў сталі беспрэцэдэнтным выпадкам, калі казаць пра наступствы падаўлення народных пратэстаў увосень 2020г. Пасля мірнага маршу 6 верасня 2020 г. у Віцебску ў дачыненні да бацькі і сына міліцыя распачала адміністрацыйную справу за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Пасля праверкі па факце нападу на супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні бацькі і сына следствам 15 верасня было вылучанае абвінавачанне ў межах крымінальнай справы паводле арт. 364 Крымінальнага Кодэксу («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Па гэтым артыкуле ім пагражае пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Усведамляючы перспектыву надоўга трапіць за краты, 22 верасня 2020 г. яны пералезлі цераз агароджу амбасады Швецыі, і прадстаўнікі амбасады, з меркаванняў гуманнасці, далі Кузнечыкам часовы прытулак ад пераследу з боку беларускіх карных органаў.
Таццяна Віктарава