Бераснеў быў затрыманы 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Мужчыну змясцілі ў СІЗА і прад'явілі абвінавачванні.
У Васіля значна пагоршылася здароўе ў СІЗА, ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы.
У Мінгарсудзе 25 лістапада 2022 г. распачаўся суд над прафсаюзнымі лідарамі. Васіля Бераснева абвінавацілі ў закліках да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК). Суддзя Анастасія Папко пасля прапановы пракурора Рамана Бізюка зрабіла разгляд справы закрытым.
5 студзеня 2023 г. быў вынесены прысуд: актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў прызналі вінаватымі. Па сукупнасці пакаранняў Анастасія Папко прызначыла Васілю Берасневу дзевяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Пакуль разглядаецца апеляцыйная скарга на прысуд, ён будзе знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.
У такі складаны для яго час, вы можаце падтрымаць Васіля Ціханавіча, напісаўшы яму ліст віншавання, або даслаўшы паштоўку па адрасе: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Мінск, Берасневу Васілю Ціханавічу
Іван Чайка