Чацвер, 09 Чэрвень 2022

Палітвязню Мікіце Палеонку ў віцебскім СІЗА блакуюць ліставанне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

28-гадовы Мікіта Палеонак  быў затырманы 16 студзеня ў Віцебску. За кратамі ён знаходзіцца амаль пяць месяцаў. Яго абвінавачваюць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і прадстаўнікоў улады (арт.369 КК). 27 студзеня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітвязнем.

Родныя палітвязня паведамляюць, што Мікіце перадаюць лісты толькі ад сваякоў. Па загадзе кіраўніцтва СІЗА лісты ад іншых асобаў блакуюць, што ёсць адным з многіх спосабаў негатыўнага ўздзеяння на псіхічны стан абвінавачанага па палітычных матывах.

Беларускія праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць палітвязня Мікіту Палеёнка і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні яго.

Таксама прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 368, 369 КК Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней распачатыя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.

Тым не меньш, Мікіту любы жадаючы можа падтрымаць невялікімі грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі. Таксама не забывайце класці пустыя канверты, налепкі, маркі і паперу, каб палітвязень змог адказаць на лісты салідарнасці.

Адрас для ліставання: СІЗА-2, 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Мікіта Юр'евіч Палеонак

Напісаць анлайн ліст: bit.ly/3jwJMLno.

Павел Жукаў