Серада, 23 Сакавік 2022

Ворша: Мікалай Сасноўскі прызнаны палітвязнем, былы палітвязень Уладзімір Шынкевіч – на волі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

54-гадовы жыхар Воршы Мікалай Сасноўскі быў асуджаны на паўтара года абмежавання волі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады). Згодна з заявай беларускай праваабарончай супольнасці ад 22 сакавіка 2022 году, ён быў прызнаны палітвязнем разам з яшчэ 9-цю палітычнымі зняволенымі.

Падставай для крымінальнай справы, распачатай супраць Мікалая Сасноўскага стаў каментар у сацыяльнай сетцы «Одноклассники» на адрас супрацоўніка ДАІ. З 18 лістапада 2021 году палітвязень знаходзіцца пад вартай, пакаранне адбывае ў папраўчай установе адкрытага тыпу №36 (г.Менск, вул. Караткевіча, 14).

Гэтаксама за каментар у «Одноклассниках», але на адрас Аляксандра Лукашэнкі, быў асуджаны аршанец і Уладзімір Шынкевіч. Што канкрэтна ўтрымлівала публікацыя, невядома, бо справа разглядалася на закрытым судовым паседжанні. 1 лютага 2021 году Уладзімір Шынкевіч быў пакараны судом Воршы і Аршанскага раёну: яго асудзілі да пазбаўлення волі на 1 год і тры месяцы.

Пасля адбыцця тэрміну 19 сакавіка ён выйшаў на волю з папраўчай калоніі № 22 у Даманаве Івацэвіцкага раёну.

Феліцыян Красоўскі