Жонка акцэнтуе ўвагу на тым, што да мужа не заўсёды дапускаюць адваката. Афіцыйная прычына для адмовы: «ён шмат працуе, і адрываць яго ад працы немагчыма». Леанід Судаленка працуе ў «Віцьбе» рознарабочым на дрэваапрацоўцы – прыбірае пілавінне, нешта прыносіць, нешта адносіць. Чаму ў гэтай працы нельга зрабіць перапынак або знайсці палітвязню замену на кароткі час – застаецца незразумелым.
Гомельскага праваабаронцу ўтрымліваюць за кратамі ўжо больш за год. 18 студзеня 2021 году кіраўніка Гомельскай філіі «Вясны» затрымалі па дарозе на офіс і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). У віну спадару Леаніду паставілі эпізод з дровамі, якія ён прывёз шматдзетнай сям’і, дзе бацьку потым асудзілі за «пратэсты»; відэа на YouTube, дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, чаму людзі пратэстуюць; заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомля Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак арышту; семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў; аплату штрафаў, збораў за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.
Суд Цэнтральнага раёна гораду пакараў праваабаронцу трыма гадамі пазбаўлення волі. 26 студзеня 2022г. палітзняволенага Леаніда Судаленку этапавалі ў папраўчую калонію №3 «Віцьба».
- Падтрымаць яго лістамі, якія ўрэшце павінны трапіць да адрасата, можна, напісаўшы на адрас: 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба, ПК-3. Леаніду Леанідавічу Судаленку
Андрэй Кот