Дапісаў манаграфію, піша зварот у пракуратуру
“Я часу ў ШІЗА дарма не губляў, бо ня трэба было змагацца з холадам. Завяршыў працу над манаграфіяй па тэме імпульснай плязмы і ў галіне новых мэтадаў палёту апаратаў цяжэйшых за паветра з гнуткім крылом. Гэта новыя і прарыўныя дасягненьні высокага ўзроўню”, – паведамляе ў лісьце Міхаіл Ігаравіч.
У сувязі з набыцьцём законнай сілы зьменаў у дзейным заканадаўстве, якія пераводзяць некаторыя эканамічныя злачынствы з крымінальнай сфэры ў грамадзянскую, палітвязень плянуе зьвярнуцца неўзабаве ў Генэральную пракуратуру, каб абскардзіць прысуд “па наноў адкрытых абставінах”. Хоча зрабіць гэта праз адваката, якому давярае.
За час знаходжаньня ў “штрафніку” Жамчужны страціў усякую сувязь са зьнешнім сьветам.
“Знаходзячыся ў ізаляцыі больш за два месяцы, я не атрымаў ніводнага ліста ці газэты, перажыў поўны інфармацыйны вакуўм”, – піша пра свае нягоды палітвязень. Цяпер спадзяецца, што за месяц у ПКТ папоўніць страчанае і вернецца ў інфармацыйнае поле.
Крывавяць дзясны, выпадаюць здаровыя зубы…
У сваім лісьце Жамчужны паведамляе таксама пра праблемы са здароўем.
За два апошнія гады ён падаў 9 заяваў на набыцьцё вітамінаў. Ніводная зь іх не была разгледжаная ні начальнікам мэдчасткі, ні тэрапэўтам, ні начальнікамі атраду і калёніі. Скаргі, накіраваныя ва ўпраўленьне аховы здароўя Магілёўскай вобласьці, у абласныя і рэспубліканскія органы выкананьня пакараньня, таксама вынікаў ня далі.
Праз брак вітамінаў у палітвязьня пачалі крывавіць дзясны, расхістваюцца і выпадаюць цалкам здаровыя зубы. Лечаць гэтыя праблемы сымптаматычна – антыбіётыкамі і болепатольнымі сродкамі.
Падобныя ўмовы ўтрыманьня палітвязьня Жамчужнага не адпавядаюць “Мінімальным стандартным правілам абыходжаньня са зьняволенымі”, прынятымі ААН, лічыць віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік.
“Гэтак, у ч.3 п.22 Правілаў гаворыцца пра тое, што кожны зьняволены павінен мець магчымасьць зьвяртацца да паслугаў кваліфікаванага дантыста”, – камэнтуе сытуацыю праваабаронца.
Яшчэ адна праблема – недастатковая колькасьць кальцыю ў арганізме. Гэта можа справакаваць хваробы касьцей і судзінаў.
“Раней брак кальцыю папаўняў тым, што зьядаў шкарлупкі ад яек. Але ўжо паўгода як іх не даюць. “Атаваркі” ў вясеньне-летні пэрыяд бягучага году не было праз маё знаходжаньне ў ШІЗА 70 сутак”, – піша Жамчужны.
Жамчужны: Настрой баявы, жыцьцярадасны
Нягледзячы на ўсё, палітвязень стараецца ня ўпасьці духам, выжыць у такіх экстрэмальных умовах.
“Увогуле, настрой баявы, жыцьцярадасны”, – запэўнівае палітвязень.
“Ужо 2 гады адседзеў у ШІЗА/ПКТ, засталося толькі 1,5 гады”, – з заўсёдным аптымізмам заканчвае ліст Міхаіл Жамчужны.
Лявон Яфрэменка