“Беларусы Вашынгтону шмат гадоў падтрымліваюць беларускіх вязьняў сумленьня. Адзін з найбольш важных шляхоў падтрымкі – ліставаньне. Чалавеку за кратамі вельмі важна ведаць, што ён не забыты, што людзі дамагаюцца ягонага вызваленьня. Гэта дапамагае вытрываць у нечалавечых умовах зьняволеньня”, – гаворыць старшыня Вашынгтонскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзiночаньня (БАЗА) Вячаслаў Бортнік.
“Нашыя лісты ды паштоўкі трапляюць да Міхася. Мы таксама атрымліваем пошту ад яго. Знайсьці некалькі хвілінаў, каб напісаць пару радкоў – не такая ўжо цяжкая справа, а спадару Жамчужнаму гэта дапаможа выжыць”, – дадае Вячаслаў.
Вашынгтонскія беларусы апублікавалі артыкул пра лёс Міхаіла Жамчужнага ў газэце “Беларус” з заклікам пісаць лісты палітвязьню, а таксама сабралі мноства подпісаў пад пэтыцыяй на адрас беларускай амбасады ў Вашынгтоне. Пэтыцыю накіравалі на пачатку чэрвеня.
Таксама 22 чэрвеня ў Нью-Брансўіке (Нью-Джэрсі) адбылося ўручэньне мэдалёў Рады БНР амэрыканскім і беларускім палітыка, дасьледнікам ды дзеячам дыяспары. Адзін з ляўрэатаў праваабаронца Вячаслаў Бортнік прысьвяціў свой мэдаль Міхаілу Жамчужнаму, пра што заявіў падчас урачыстасьці.
Падчас уручэньня мэдаля да 100-годзьдзя БНР
“Гэты мэдаль заслужылі ўсе беларускія палітзьняволеныя, вязьні дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, і перадусім – Міхаіл Жамчужны. Яго мужнасьць і адвага беспрэцэдэнтныя”, – сказаў Вячаслаў Бортнік.
Бортнік мае намер узьняць пытаньне аб вызваленьні Жамчужнага на сустрэчы са спэцыялістам па Беларусі ў Дзярждэпе ЗША 16 ліпеня.
Апроч таго, беларускія актывісты Нью-Ёрку і Філядэльфіі падтрымалі Міхаіла Жамчужнага падчас акцыі пратэсту супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, якая праходзіла ў Battery Park 19 траўня.
“Праблема палітвязьняў дагэтуль актуальная для Беларусі. На сёньня ў беларускіх турмах і лягерах утрымліваюцца дзевяць палітычных вязьняў. Нас вельмі хвалюе лёс Міхаіла Жамчужнага”, – заявіў тады адзін з арганізатараў акцыі Вадзім Васільеў.