Аўторак, 02 Жнівень 2016

Палітвязень Жамчужны: Дзякуючы інтэрнэту я пакуль ня зьмешчаны ў штрафны ізалятар

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

У чарговым лісьце віцебскім праваабаронцам палітвязень Міхаіл Жамчужны паведаміў пра цяжкасьці вядзеньня ліставаньня з калегамі-праваабаронцамі. Усе факты зьнікненьня лістоў пацьверджаныя дакумэнтальна, і цяпер ён мяркуе з дапамогай адваката апратэставаць парушэньне яго права на ліставаньне ў пракуратуры і ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў па Менску і Менскай вобласьці.

Каб дамагчыся адмены статусу «схільны да экстрэмізму», Міхаіл Ігаравіч дзейнічае строга ў адпаведнасьці з законам. Начальнік рэжымнага аддзелу ПК №14, маёр унутранай службы Шадко, да якога зьвярнуўся палітвязень, растлумачыў, што рашэньне пра статус «экстрэміста» выносілася ў дачыненьні да яго калегіяльна нейкай камісіяй. Прычым на паседжаньне гэтай камісіі Жамчужны для дачы тлумачэньняў і арганізацыі сваёй абароны не выклікаўся.

Затым праваабаронца зьвярнуўся да намесьніка начальніка ПК №14 па рэжыме і апэратыўнай працы, падпалкоўніка ўнутранай службы Карнеева, каб той даў тлумачэньні, на падставе чаго кіраўніцтва калёніі прыняло рашэньне пра падазрэньне Жамчужнага ў схільнасьці да экстрэмізму.

Паводле турэмнага чыноўніка, статус «экстрэміста» належыць палітзэку па сукупнасьці артыкулаў абвінавачаньня. Фактычна начальства калоніі перавысіла свае паўнамоцтвы, бо ў прысудзе касацыйнай інстанцыі, якой у справе Жамчужнага быў Вярхоўны суд, ня значыцца такі статус як дадатковы від пакараньня. Наконт гэтага падпалкоўнік паведаміў Жамчужнаму пра існаваньне нейкага засакрэчанага нарматыўнага прававога акту, на падставе якога і было вынесенае рашэньне пра наданьне яму згаданага статусу.

Наступным этапам барацьбы Жамчужнага з парушэньнем закону стаў пратэст, пададзены на імя новага начальніка калёніі. Вынікам гэтага звароту сталі неаднаразовыя выклікі на размовы да апэратыўных супрацоўнікаў калёніі, якія прапанавалі яму пісьмова зьвярнуцца да грамадзкасьці краіны з просьбай ануляваць яго статус палітвязьня. На гэтую прапанову Міхаіл Ігаравіч адказаў катэгарычнай адмовай.

Не дамогшыся зьняцьця статусу «схільны да экстрэмізму» ад начальства калёніі, палітвязень Жамчужны накіраваў чарговы пратэст на імя начальніка УДВП па Менску і Менскай вобласьці. Ён спадзяецца на ўважлівы і кампэтэнтны разгляд яго прашэньня. Для гэтага ёсьць падстава, бо зь нядаўняга часу УДВП узначальвае былы начальнік ПК №14, які ў курсе справы Міхаіла Ігаравіча і асабіста знаёмы зь ім.

Пра ўмовы ж свайго знаходжаньня ў калёніі зьняволены праваабаронца піша вельмі ляканічна. Паведамляе толькі, што ні ў чым ня мае патрэбы, і побыт яго ўладкаваны настолькі добра, наколькі можна ва ўмовах строгага рэжыму адбыцьця пакараньня.