Аўторак, 27 Жнівень 2013

Amnesty International: Ігар Пастноў, магчыма, будзе прызнаны вязьнем сумленьня

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International заступілася за віцебскага лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага згодна з рашэньнем суду ў вар’ятню дзеля прымусовага лячэньня. Арганізацыя заклікала ўсіх неабыякавых да тэрміновай акцыі: напісаць на беларускай, расейскай, ангельскай або сваёй роднай мове лісты на адрас міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіля Жарко і генпракурора Аляксандра Канюка.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя просіць тых, хто будзе пісаць лісты, нагадаць адказным службовым асобам Беларусі, што прымусовае псыхіятрычнае лячэньне трэба ўжываць толькі ў выпадках цяжкіх псыхічных захворваньняў, калі існуе небясьпека, што чалавек дакладна нанясе непазбежную шкоду сабе або іншым. Таксама аўтарам зваротаў да беларускіх прадстаўнікоў улады рэкамэндуецца запатрабаваць ад апошніх прызначыць паўторную псыхіятрычную экспэртызу доктару Ігару Пастнову, і забясьпечыць, каб яму былі забясьпечаныя належныя юрыдычныя кансультацыі і аказаная неабходная адвакацкая абарона.

У дакумэнце, апублікаваным пад загалоўкам «Шчыры псыхіятар гвалтоўна пазбаўлены волі», Amnesty International паведамляе, як разьвіваліся падзеі:

«Псыхіятар зь Беларусі Ігар Пастноў быў гвалтоўна зьмешчаны на лячэньне ў шпіталь, у якім ён працаваў, пасьля яго адкрытай крытыкі сыстэмы аховы здароўя ў Віцебску, горадзе на поўначы краіны. Ігар Пастноў, які працуе ў Віцебскім абласным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі, цягам апошніх 18 месяцаў распаўсюдзіў шэраг інтэрвію на YouTube з крытыкай палітыкі ўраду і гарадзкога кіраўніцтва аховы здароўя. У сваіх інтэрвію ён узьнімаў такія пытаньні, як мэдычныя памылкі і нямэтавае выкарыстаньне сродкаў. У чэрвені 2013 году ён выступіў з крытыкай выкарыстоўваньня міліцыі дзеля зьмяшчэньня ў шпіталь на псыхіятрычны агляд бамжоў і валацугаў».

«З-за сваёй адкрытай крытыкі Ігар Пастноў меў канфлікты з кіраўніцтвам, а 16 жніўня псыхіятрычная камісія шпіталя, у якім ён працаваў, зрабіла выснову, што ён мае патрэбу ў прымусовым псыхіятрычным лячэньні ў сувязі з “псыхапатычным разладзьдзем асобы з маніяй перасьледу ўладамі”. У той дзень Ігар Пастноў патэлефанаваў журналісту Радыё Свабода, каб сказаць, што ён зьняволены, пасьля чаго яго тэлефон быў адключаны», – паведамляе Amnesty International падрабязнасьці.

Ігар Пастноў, магчыма, быў зьмешчаны ў шпіталь за яго не забароненую законам крытыку стану аховы здароўя ў Віцебскай вобласьці. Калі гэта пацьвердзіцца, Amnesty International прызнае яго вязьнем сумленьня, паведамляе дакумэнт, апублікаваны ўплывовай міжнароднай праваабарончай арганізацыяй.

Цалкам дакумэнт Amnisty International можна прачытаць тут.