Прапанова камісіі па вылучэньні Алеся Бяляцкага на прэмію было падтрыманае Фондам грамадзянскай абароны і Беларускім культурным таварыствам Летутвы. «За сваю адважную і пасьлядоўную падтрымку правоў чалавека ў Беларусі Алесь Бяляцкі ня раз ўзнагароджваўся ў сьвеце», - адзначаецца ў заяве згаданых арганізацыяў. Таксама ў гэтай заяве падкрэсьліваецца, што цэнтар «Вясна», які ўзначальвае Бяляцкі, зьяўляецца адной з самых уплывовых праваабарончых арганізацыяў у Беларусі, якая аказвае юрыдычную і іншую дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў ды іх сем’ям.
З 1988 годy Алесь Бяляцкі арыштоўваўся больш за 20 разоў за сваю палітычную, грамадзянскую і сацыяльную дзейнасьць . Апошні раз Бяляцкі быў арыштаваны на пачатку жніўня 2011 году, пасьля чаго суд прыгаварыў яго да 4,5 гадоў узмоцненага рэжыму ў папраўчай калёніі. Ён быў прызнаны вінаватым у нявыплаце падаткаў на сродкі, што знаходзяцца на рахунках у замежных банках - Алесь Бяляцкі, які ня мог афіцыйна зарэгістраваць арганізацыю ў Беларусі, выкарыстоўваў гэтыя сродкі на дапамогу ахвярам рэпрэсіяў.
Дадзеныя пра банкаўскія рахункі Алеся Бяляцкага былі перададзеныя Менску Пракуратурай Польшчы і Міністэрствам юстыцыі Летувы. Вылучыўшы яго на прэмію, Вільня і Варшава прызналі сваю памылку і прадэманстравалі, што яны просяць прабачэньня перад беларускім праваабаронцам.
Прэмія «За свабоду» прыватным асобам і арганізацыям за іх дасягненьні і ўнёсак у абарону правоў чалавека, разьвіцьцё дэмакратыі, разьвіцьцё прыгранічнага супрацоўніцтва, за барацьбу нацыяў ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе за самавызначэньне і сувэрэнітэт была заснаваная 15 верасьня 2011 году летувіскім парлямэнтам, які прыняў адмысловы закон. Памер прэміі складае 5 000 эўра ( 17 250 літ).
Першым уладальнікам прэміі стаў у 2011 годзе актыўны змагар за свабоду і дэмакратыю расейскі праваабаронца і дысыдэнт Сяргей Кавалёў. Прэмію 2012 году атрымаў былы савецкі дысыдэнт, кіраўнік «Лігі свабоды» Антон Терляцкас.