У пратаколе паведамляецца суду, што Караліна Цярэнцьева паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага пакарання за такое ж парушэнне ў неўстаноўлены перыяд часу, але не пазней 26.03.2021 года з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правяла масавае мерапрыемства – пікетаванне без адпаведнага дазволу мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, шляхам размяшчэння відэазапісу для публічнай дэманстрацыі грамадзянам у глабальнай сетцы Інтэрнэт на Телеграм-канале «Віцебск 97%».
На відэа бачна, як Цярэнцьева, знаходзячыся ў «неўстаноўленым месцы» на фоне бел-чырвона-белага сцяга прамаўляла лозунгі: «Усе мы з вамі героі! І толькі ад нас залежыць наша Перамога!», дэманстравала жэсты: «Верам!», «Можам!», «Пераможам!».
Паводле пратаколу, відэазапіс была выяўлены 26 сакавіка падчас маніторынгу сеткі Інтэрнэт.
На думку старшага інспектара Казлоўскага, сваімі дзеяннямі актывістка парушыла ўстаноўлены арт. 10 закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублікі Беларусь» парадак правядзення пікетавання, з'яўляючыся яго ўдзельнікам, і за гэтае правапарушэнне ёй неабходна прызначыць пакаранне, прадугледжанае ч. 3 арт. 24.23 КаАП. Але суд павінен вырашыць, які від пакарання ўжыць да Караліны з магчымых прадугледжаных артыкулам варыянтаў: штраф у памеры ад 20 да 200 базавых велічынь, або грамадскія працы ад васьмі да шасцідзесяці гадзін, або адміністрацыйны арышт ад 15 да 30 сутак.
Міхась Пісараў