Каб уручыць павестку, супрацоўнікі МУС прыязджалі да некалькіх віцяблян на працу. Паводле дакументу, які атрымалі актывісты, ім «належыць 25 сакавіка 2021 году ў 10.00 зʼявіцца» ў аддзяленні міліцыі «для правядзення апытання». Пра што будзе апытанне і з якой прычыны яно будзе праводзіцца, міліцыянты не кажуць.
Праваабаронца Ірына Траццякова лічыць, што такім чынам міліцыя хоча цалкам ізаляваць людзей на Дзень волі – зрабіць так, каб іх не было на вуліцы.
«25 сакавіка яны будуць затрымліваць людзей да трох гадзін без усялякіх на тое прычын і падставаў. І ўсё толькі для таго, каб у гэты час людзі адсутнічалі на вуліцах гораду. Выклікаць у пракуратуру, выклікаць у аддзяленні ўнутраных спраў, на розных падставах запрашаць на размову ў апорныя пункты», – папярэджвае праваабаронца.
Паводле Ірыны Траццяковай, такія самыя позвы атрымліваюць зараз людзі ва ўсёй Беларусі. У сацсетках паведамляюць таксама пра бацькоўскія сходы, якія ў некаторых навучальных установах мяркуюць правесці акурат 25 сакавіка.
Зміцер Міраш