Некалькі сотняў чалавек сабраліся ля гандлёвага цэнтру з плякатамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі. Народ скандаваў знаёмыя ўсім лёзунгі: «Лукашэнка, сыходзь!», «Лукашэнку ў аўтазак!», «Верым, можам, пераможам!». Па вуліцы Леніна езьдзілі аўтамабілі з бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Падчас акцыі панавала ўзьнёслая атмасфэра. На плякатах пратэстоўцаў было напісана: «Мэдыкі з народам», «Спыніцеся», «Хопіць гвалту. Сыходзь», «Канстытуцыя не мэмуары». Падамо некалькі выказваньняў удзельнікаў мірнай акцыі.
«Я ўжо ня першы раз выходжу. І сёньня выйшла таксама. Учора праплакала ўсю ноч, бо гвалт над сваім народам дайшоў да апошняй кропкі. Мне нават сорамна за тых, хто не выходзіць. Я ж буду выходзіць да апошняга, да тае пары, пакуль гэтая ўлада ня зьменіцца… Мы маем магчымасьць супрацьстаяць толькі негвалтоўнымі мэтадамі, таму я стаю тут са сьцягам і буду стаяць», – кажа Сьвятлана Баранкоўская.
«Мяне абурыла заява Лукашэнкі, былога прэзыдэнта, які сказаў, што ён толькі пасьля зьменаў у канстытуцыі прызначыць новыя выбары. Па-першае, канстытуцыю хопіць перапісваць кожны месяц, гэта не мэмуары. Сыходзячы з гэткага меркаваньня, я напісала плякат гэткага зьместу і выйшла зь ім. Якое ён мае права адзінаасобна перапісваць Канстытуцыю? Ён ніхто цяпер. Ён не прэзыдэнт. Ён не легітымны. Не легітымны, дарэчы, з 1996 году», – кажа Марына.
«Ёсьць людзі, якія могуць трываць. Ёсьць людзі, якія намагаюцца апраўдаць тое, што адбываецца. Ёсьць людзі, якія могуць апраўдаць нават гвалт і забойствы. Я думаю, ім варта задумацца, ці яны людзі, ці не. Я лекар мяне вучылі лячыць людзей. Я не магу сёньня сядзець дома і апраўдваць тое, што адбываецца цяпер», – кажа Ганна.
Праз колькі хвілінаў ад «Марка-сіці» грамада рушыла калёнай па праспэкце Фрунзэ, прайшла па вуліцах Смаленскай, Праўды, Маскоўскім праспэкце, на плошчы Перамогі павярнула на Чарняхоўскага, прашпацыравала па праспэкце Будаўнікоў і вуліцы Чкалава. Агулам у шэсьці ўзялі ўдзел каля 3 тысяч чалавек.
Удзельнікаў шэсьця здымалі на відэакамэры супрацоўнікі ў цывільным. Некалькі разоў міма пратэстоўцаў праяжджаў аўтазак. Аўтобусы і аўтазакі, якімі кіравалі ня толькі міліцыянты, але і людзі ў вайсковай форме, пакінулі месца дысьлякацыі на плошчы Перамогі толькі ўвечары. Інфармацыі аб затрыманьнях пакуль не было.
С. Горкі