Чацвер, 11 Ліпень 2019

“Русский мир” зьбірае ў Віцебску подпісы за аднаўленьне СССР

Ацаніць гэты матэрыял
(15 галасоў)
Пікет на плошчы Свабоды ў Віцебску Пікет на плошчы Свабоды ў Віцебску

Напярэдадні афіцыйнага адкрыцьця “Славянскага базару ў Віцебску” прыхільнікі “русского мира” зладзілі ў самым цэнтры гораду пікет са зборам подпісаў пад зваротам да Уладзімера Пуціна з просьбай аднавіць Савецкі Саюз…

Пікет праходзіў пад чатырма сьцягамі – Беларусі, Расеі, СССР і сьцягам з георгіеўскімі палосамі. Жанчына, якая зьбірала подпісы, назвалася грамадзянкай Расейскай Фэдэрацыі. На яе вопратцы быў прышпілены значок руху “НОД” (“Национально-освободительное движение»).

“Мы, грамадзяне былых рэспублік СССР, выступаем з патрабаваньнем адмены незаконнага рашэньня аб ліквідацыі СССР. Неабходна паставіць пытаньне аб вяртаньні да межаў 1991 году, замацаваных міжнароднай супольнасьцю па выніках Другой сусьветнай вайны, – гаворыцца ў звароце на імя прэзыдэнта РФ Уладзімера Пуціна.

“Мы патрабуем правесьці расьсьледаваньне, што ж гэта адбылося ў 1991 годзе? Чаму нашу Айчыну так лёгка разваліў Гарбачоў і яго памагатыя? Для таго, каб усё гэта адбылося законна, павінен быў прайсьці ўсенародны і ўсесаюзны рэфэрэндум. Каб кожная рэспубліка заявіла, што яна хоча выйсьці са складу СССР. А гэтага не было”, – патлумачыла сэнс ініцыятывы жанчына.

Пікетоўцы ня толькі зьбіралі подпісы, але і раздавалі мінакам бясплатную газэту “Нацыянальны курс”.

“Штабы НОД зь 2012 году аб'ядноўваюць самыя актыўныя часткі народу Расеі, якія ўступілі ў барацьбу за свабоду і незалежнасьць Айчыны, яны зьяўляюцца адным з элемэнтаў агульнага працэсу барацьбы за сувэрэнітэт, якая разгарнулася ў нашай краіне. Лідэр гэтай барацьбы – прэзыдэнт РФ У.У. Пуцін. Каардынатарам штабоў зьяўляецца дэпутат Дзяржаўнай Думы РФ Я.А. Фёдараў”, – паведамляе газэта.

На сайце выданьня ў загаловак вынесеная цытата Пуціна: “Расея ня можа існаваць, калі ня будзе сувэрэнная. Некаторыя краіны могуць, Расея – не”. Трэба разумець, Беларусь, на думку НОД, адносіцца якраз да “некаторых краін”…

Адзначым, што да пікетоўцаў падыходзіў намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын. Ці папярэджваў ён іх аб незаконнасьці правядзеньня несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры гораду – невядома, але міліцыя людзей са сьцягамі не затрымлівала.

Уладзімер Бяляўскі, фота аўтара